Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 ліпеня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Ленінскі суд Горадні былі перададзеныя справы чатырох учорашніх удзельнікаў праводзінаў прэзыдэнта. акцыя ў Горадні сабрала каля дзьвюх тысячаў чалавек. Адная справа намесьніка кіраўніка гарадзкое філі БНФ Алеся Астроўскага была разгледжаная адразу.

Малады судзьдзя Яўген Казяк знайшоў парушэньне артыкула 167, частка І Адміністратыўнага кодэксу, што датычыць правядзеньня мітынгаў і дэманстрацыяў. 200 млн. рублёў штрафу — такі вырок. Пры чым абскардзіць гэтая рашэньне нельга. Стандартная фармулёўка, ужытая спадаром Казяком, гучыць у выпадку з Астроўскім надзвычай цынічна, маўляў, судзьдзя ўлічыў характар правапарушэньня, асобу парушальніка, ступень ягонае правіны ды ягоны маёмасны стан. Асоба Астроўскага сапраўды вядомая — ён прафэсар мэдычнага інстытуту й зарабляе ў год якраз максымум 200 мільёнаў, якія ў яго адабраў суд "на карысьць дзяржавы". А віна Астроўскага ў тым, што ён сказаў адкрыта, што легітымны тэрмін кіраваньня Лукашэнкі закончыўся.

У выпадку кіраўніка гарадзкое арганізацыі БНФ Сяргея Мальчыка й сябры БНФ Міколы Ворана й галоўнага рэдактара газэты "ПАГОНЯ" Міколы Маркевіча судовы разбор быў адкладзены, бо яны запатрабавалі перакладчыка й адваката.

Трэба адзначыць, што гарадзенскія міліцыянты, мабыць, упершыню выявілі нематываваную жорсткасьць пад час затрыманьня людзей увечары ў сераду. Прыкладам, Міколу Ворана, які трымаў сьцяг БНФ пад час мітынгу, схапілі на людным тралейбусным прыпынку й пачалі круціць рукі. Ягоную дачку схапілі за косы, штурхалі жонку Міколы.

Вельмі жорстка й нахабна схапілі досыць кволага хлопца — Яна Вялевіча — павалілі тварам на асфальт, начапілі кайданкі. Ён быў у шоку — ня мог ісьці. Тады старшына міліцыі наматаў ягоныя даўгія валасы сабе на руку й пацягнуў хлопца. Акцыяй кіраваў капітан Вялічка.

Сьведкам падзеі быў Мікола Маркевіч, які спрабаваў абараніць хлопца. Калі ўсіх ужо схапілі й засадзілі ў варанок, дзьверы машыны расчыніліся і ў нутро зацягнулі таксама й Маркевіча.

Між іншым, на Вялевіча нават ня здолелі скласьці пратакол — проста выпусьцілі, не прабачыўшыся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG