Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 ліпеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Цэнтральным раённым судзе Менску сёньня судзілі пяцёх затрыманых маніфэстантаў. Разгляд усіх гэтых справаў вёў судзьдзя Анатоль Барысёнак.

У Цэнтральным судзе сёньня разглядаліся справы Яна Грыба, Анатоля Грыхуціка, Івана Сынцова, а таксама Натальлі й Сяргея Качаноўскіх. Слуханьне справы яшчэ аднаго затрыманага маніфэстанта — Юрася Астроўскага, якога міліцыянты моцна зьбілі пры затрыманьні — судзьдзя Анатоль Барысёнак перанёс на заўтра. Паводле словаў усіх затрыманых, іх схапілі ў розных мейсцах Менску й дастаўлялі ў Цэнтральны РАУС. Прыкладам, Грыхуцік, Сынцоў і Астроўскі былі схопленыя на вуліцы Варвашэні. Ахоўнікі парадку спынілі аўто, у якім ехалі гэтыя хлопцы разам з сакратаром управы БНФ Вячаславам Сіўчыкам і галоўным рэдактарам тыднёвіка "ІМЯ" Ірынаю Халіп. А брата й сястру Сяргея і Натальлю Качаноўскіх — выкладчыкаў Беларускае палітэхнічнае акадэміі — людзі ў цывільным затрымалі паблізу ўласнага дому ў цэнтры гораду.

У Цэнтральным РАУСе, паводле словаў апазыцыянэраў, учора ўвечары знаходзілася прыкладна 30 маніфэстантаў, бальшыню зь якіх складалі непаўнагадовыя падлеткі й дзеці. Як абыходзіліся з затрыманымі дэманстрантамі ў пастарунку, распавядае Ян Грыб: "Міліцыянты размаўлялі груба з усімі, не дазволілі нікому патэлефанаваць дадому. Усіх пратрымалі да дзьвюх гадзінаў начы. І потым без усялякіх тлумачэньняў, падпісаўшы пратаколы й спатрабаваўшы з нас расьпіскі, што мы зьявімся да 10 гадзінаў, адправілі ў ноч пад дождж усіх. А ў людзей ані грошай, ані парасонаў не было. Людзі ўсю ноч дабіраліся дадому. А родныя ў трывозе чакалі ўсю ноч. Мая дачушка, прыкладам, ўсю ноч ня спала — думала, дзе ж я дзеўся?"

Зусім інакш паводзіў сябе ў адносінах да затрыманых судзьдзя Анатоль Барысёнак. Выслухаўшы доказы ў сваю абарону затрыманых, паказаньні сьведак-міліцыянтаў і прагледзіўшы непісьменна аформленныя пратаколы, спадар Барысёнак зачытаў сваё рашэньне — усім пяцём апазыцыянэрам вынесенае папярэджаньне. Я пацікавіўся ў затрыманых: чаму, на іхную думку, судзьдзя ўжыў у адносінах да іх такую мяккую меру, як папярэджаньне? Адказвае Ян Грыб: "У судзьдзяў пачынае прачынацца нешта накшталт... не тое, каб сумленьня, але, можа — пачуцьця сваёй будучыні, сваёй працы, і свайго ўдзелу ў гэтым працэсе паўставаньня, дасьць Бог, вольнае Беларусі пасьля лукашэнкаўскага рэжыму. Вось чым, па-мойму, тлумачыцца мяккі падыход судзьдзяў да нашых калегаў".

Ня выключана, што ў некаторых чыноўнікаў з праваахоўных ворганаў і сапраўды, пачало прачынацца сумленьне. Але, відаць, далёка не ва ўсіх. Сьведчаньнем чаму й былі ўчорашнія шматлікія затрыманьні, і нават, зьбіцьцё апазыцыйных дэманстрантаў у Менску.

XS
SM
MD
LG