Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

За гады знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі заходнія экспэрты старанна вывучалі гэты новы тып кіраўніка і доўга не маглі вызначыцца, чым прадыктаваная такая палітыка, і да чаго яна прывядзе беларускі народ і незалежную дзяржаву Беларусь. У дзень, калі паўнамоцтвы Лукашэнкі скончаныя, ёсьць шанец паглядзець назад і прааналізаваць — дзе цяпер знаходзіцца Беларусь і якая перад ейным народам будучыня.

Дата 20 ліпеня сталася своеасаблівым магнітам, што прыцягнуў амэрыканскіх экспэртаў у пытаньнях дачыненьняў з краінамі былога СССР да абмеркаваньня беларускай праблемы. Такая ўвага, безумоўна, карысная, бо здольная зьмяніць уяўленьні афіцыйнага Вашынгтону пра падзеі ў Беларусі ды іхнае значэньне. Як трапна заўважыў адзін з аглядальнікаў, — пакуль Беларусь ня ёсьць, што называецца, у кожнага на вуснах, і такую сытуацыю трэба мяняць, бо ня кожны дзень у Эўропе зьяўляецца нелігітымны прэзыдэнт.

Але пакуль Лукашэнка стаў нелігітымным, прайшло пяць гадоў. Дзе за гэтыя гады апынулася Беларусь? Якім бачаць замежныя аглядальнікі ейнага, цяпер нелігітымнага, кіраўніка? З такімі пытаньнямі я зьвярнулася да Арыэля Когана, вядучага палітычнага аналітыка Фундацыі Спадчына (Heritage Foundation), аўтара шматлікіх артыкулаў і кнігаў, прысьвечаных палітычным, эканамічным і юрыдычным аспэктам разьвіцьця краінаў былога СССР.

(Коган: ) "Аўтарытарны прэзыдэнт, які выдае сябе за "бацьку нацыі", насамрэч, прэзыдэнт, які парушае ўсе нормы міжнароднага права, дэмакратычныя практыкі, які парушае правы апазыцыі. Па сутнасьці, гэта аўтарытарны рэжым. Рэжым, які мы бачылі на пачатку і ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя ад Гішпаніі да Румыніі і ад Лацінскай амэрыкі да Ўсходняй Азыі. Час такіх рэжымаў прайшоў. Дзеля таго, каб нам разьвівацца ды інтэгравацца ў міжнароднае эканамічнае супольніцтва, інтэгравацца ў Эўропу, безумоўна, Беларусі патрэбныя дэмакратычныя пераўтварэньні, сярод якіх, таксама, правядзеньне ўсеагульных выбараў, у якіх усе ўдзельнікі гуляюць на роўным полі".

(Карэспандэнтка: ) "Афіцыйны Вашынгтон выказаў сваю пазыцыю адносна заканчэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі, а таксама акрэсьліў умовы, паводле якіх мажлівае аднаўленьне легітымнасьці выканаўчае ўлады ў Беларусі й вяртаньня краіны ў міжнароднае супольніцтва. Аднак традыцыйнае пытаньне застаецца — чым абумоўлены інтэрас ЗША ў гэтым рэгіёне? І на колькі сур'ёзная заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі?"

(Коган: ) "Беларусь займае адмысловае мейсца. Што гэта значыць? Беларусь знаходзіцца ў дастаткова важным, стратэгічным рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, мяжуе з рэгіёнамі, у якіх ЗША маюць наўпроставы інтэрас. Гэта сфэра NATO. Польска-беларуская мяжа сёньня — гэта мяжа паміж NATO і краінамі Ўсходняе Эўропы, што не ўваходзяць у гэты блёк. Беларусь таксама важная як краіна, якая намагаецца ўвайсьці ў зьвяз з Расеяй, спрабуе інтэгравацца з Расеяй. Якім чынам будзе праходзіць гэтая інтэграцыя і што стане з Беларусьсю — гэта немалаважны момант у пытаньнях стабільнасьці ва Ўсходняй Эўропе. Таму, як мне падаецца, Злучаныя Штаты мусяць ня толькі ўважліва назіраць за падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі але, пры мажлівасьці, праз адпаведныя інстытуты, як недзяржаўныя арганізацыі, агэнцыі міжнароднага разьвіцьця, АБСЭ мусяць зьдзяйсьняць умяшаньне ў працэсы, што праходзяць у Беларусі. Каб ськіроўваць іх у больш дэмакратычнае й адкрытае рэчышча".

Як вядома, у крызысных сытуацыях Лукашэнка скарыстоўвае інтэграцыйную "расейскую карту". Некаторыя аглядальнікі прытрымліваюцца меркаваньня, што аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі магчыма праз Расею і расейскія дэмакратычныя сілы. Спадар Коган лічыць, што пра ўплыў Расеі казаць пакуль зарана, бо ўсё залежыць ад таго, якія выбары зробіць сама Расея на 2000 год і трэцяе тысячагодзьдзе. Калі грамадзяне Расеі выкажуць сваё жаданьне жыць годна ў новай эўрапейскай заможнай краіне, дзе паважаюцца ўсе правы грамадзянаў, дык можна спадзявацца на нейкі станоўчы ўплыў на падзеі ў Беларусі. Аднак мажлівы й іншы варыянт...

(Коган: ) "Зь іншага боку, калі Расея пойдзе шляхам больш аўтарытарным, дык лукашэнкаўская Беларусь станецца для яе надзейнай падтрымкаю. Мне ня хочацца зараз праводзіць гістарычныя паралелі ды параўноўваць гэта з нацысцкай Нямеччынаю і Аўстрыяй, якія дружна ў адзіным памкненьні зьліліся ў 38-м годзе ў аншлюзе — і мы ведаем да чаго гэта прывяло. Я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца, на шчасьце народаў Расеі і Беларусі, але ж пэўныя паралелі чалавек, які рвецца да ўлады з правінцыі, з глыбокім коплексам непаўнавартасьці, які пры гэтым валодае пэўнай харызмаю і пэўнымі здольнасьцямі ў галіне палітыкі — гэта ўсё не выпдае з-пад увагі аглядальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG