Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 ліпеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Свабодны беларускі мастак Алесь Пушкін адзначыў сёньня дзень заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў мастацкім пэрфомансам перад будынкам прэзыдэнцкае адміністрацыі ў Менску. Трыццацітрохгадовы мастак зь мястэчка Бобр Крупскага раёну прывёз пад адміністрацыю Лукашэнкі вазок з гноем і віламі, а таксама з выбарчымі й рэфэрэндумнымі плякатамі першага прэзыдэнта. На думку спадара Пушкіна, гэтыя рэчы зьяўляюцца сымбалем тых дабротаў, якія даў беларускаму народу Аляксандар Лукашэнка за пяць гадоў свайго кіраваньня.

Неардынарная асоба Алеся Пушкіна ў Беларусі вядомая даўна. Менавіта гэты чалавек быў аўтарам самых скандальных мастацка-палітычных акцыяў напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. Варта прыгадаць першае сьвяткаваньне ўгодкаў БНР у Менску ў 1989 годзе. За тое тагачасныя камуністычныя ўлады БССР пакаралі яго па крымінальным артыкуле. Пушкін няспынна арганізоўваў эпатажныя мастацкія акцыі ў Менску, Віцебску й Магілёве. Пры гэтым Алесь Пушкін — прызнаны ў Беларусі мастак-манумэнталіст, аўтар выдатных мастацкіх твораў у магілёўскім касьцёле Сьв.Станіслава, Сьвятамікалаеўскай царкве ў Бабры, у санаторыі "Беларусь" у Друскеніках і ў мастацкай школе-інтэрнаце ў Менску.

Але пры ўсёй сваёй творчай занятасьці Пушкін заўсёды быў чалавекам грамадзка актыўным. Гэтая актыўнасьць, а таксама вострае пачуцьцё справядлівасьці й прывялі сёньня Алеся да будынку прэзыдэнцкае адміністрацыі.

Вось як патлумачыў нашаму радыё перад пачаткам акцыі мэту свайго учынку сам мастак:

(Пушкін: ) "Гэта своеасаблівая падзяка першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь за выніковую плённую працу на працягу пяцігадовага выпрацаваўшага тэрміну.
Вось табе цацкі з гною — чым мы багаты, што мы нажылі за гэтыя пяць гадоў, тое, што ты самаізаляваў краіну і акрамя гэтага гною ням няма чым, пакуль, ганарыцца пад час твайго праўленьня. Вось вынік усяго, што ты зрабіў".

На думку мастака сёньня ўсе людзі — лекары, кухары, ахоўнікі ды ўсе іншыя, хто да ўчорашняга дню абслугоўваў чалавека, які быў легітымным прэзыдэнтам Беларусі — сёньня мусяць адмовіць Лукашэнку ў аказаньні сваіх паслугаў. Пасьля, яшчэ дадаўшы, на які крок ён ідзе, Пушкін пакаціў свой вазок з гноем да галоўнага пад'езду прэзыдэнцкае адміністрацыі. І як ні дзіўна, але ахова "прэзыдэнцы" на гэты раз асаблівай пільнасьці ня выявіла. І Пушкін у суправаджэньні вялікай групы журналістаў спакойна дакаціў свой "падарунак" да адміністрацыі і вываліў яго на ходнік.

Толькі пасьля гэтага зьявіліся два паставых міліцыянты, якія затрымалі мастака. Прыбег і нейкі чын у цывільным, які пачаў угаворваць Пушкіна прыбраць тачку й не засьмечваць горад. Пры гэтым чалавек у цывільным даказваў Алесю, што служыць не ўзурпатару, а Рэспубліцы Беларусь.

Мастак, аднак, прыбіраць гной зь віламі й партрэтамі Аляксандра Рыгоравіча адмовіўся. І заявіў, што мае права выказваць сваё стаўленьне да былога кіраўніка дзяржавы, у тым ліку, і чынам мастацкага пэрфомансу.

Хвілінаў празь дзесяць да прэзыдэнцкай адміністрацыі пад'ехала выкліканая міліцэйская машына й "ахоўнікі парадку" прымусам запіхнулі ў яе мастака. Алеся Пушкіна даставілі ў бліжэйшы міліцэйскі пастарунак, і ня выключана, што супраць яго можа быць узбуджаная крымінальная справа за хуліганства.

А тым часам вазок з надпісам "За пяцігадовую плённую працу" працягваў стаяць каля адміністрацыі. Рабочыя, якія працавалі побач на газоне, хацелі выкарыстаць гэты падарунак прэзыдэнту па наўпроставым прызначэньні — дзеля ўгнаеньня глебы, але міліцыянты не дазволілі ім гэтага зрабіць. Гной адвезьлі ў невядомым кірунку, а празь нейкі час ля прэзыдэнцкай адміністрацыі й прылеглага да яе сквэру й Купалаўскага тэатру зьявіліся ўзмоцненыя міліцэйскія нарады. Відаць, дзеля таго, каб аберагчы важны дзяржаўны аб'ект ад іншых наведвальнікаў з вазкамі.

XS
SM
MD
LG