Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Галоўным вынікам пяцігадовага панаваньня Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ёсьць усталяваньне дыктатуры і ўсеагульнае парушэньне правоў чалавека. Такую характарыстыку рэжыму зрабіў сёньня былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Нагадайма, што пяцігадовы тэрмін, на які абіраецца прэзыдэнт, вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 году. Канстытуцыі, праект якой, дарэчы, вярхоўны Савет пачаў распрацоўваць яшчэ пад старшынствам Станіслава Шушкевіча. Ён быў таксама адным з кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў на выбарах пэршага ў гісторыі Беларусі прэзыдэнта.

(Карэспандэнт: ) "Як Вы зараз, празь пяць гадоў, ацэньваеце той пэрыяд — ці можна было нейкім чынам зрабіць так, каб Лукашэнка не прыйшоў да ўлады?"

(Шушкевіч: ) "Ва ўмоўным склоне гаварыць аб палітыцы ня трэба, бо гэта анічога не дае. Калі капацца ў гісторыі — тыя артыкулы Канстытуцыі, якія зь вялікай цяжкасьцю мы прымалі, калі я быў старшынёй Вярхоўнага Савету, не дазволілі б зрабіць ніякага цемрашальства, і ніякай ненармальнасьці, і ніякіх няпраўных заваёваў улады, не адпавядаючых Канстытуцыі або дазваляючых неадназначна трактаваць пэўныя пазыцыі Канстытуцыі. Усё, што мае дачыненьне да цэнтральных рэспубліканскіх уладаў, і да паўнамоцтваў прэзыдэнта — пад маім кіраўніцтвам не прымалася. І я магу толькі сказаць, што "хутка робяць — сьляпых родзяць", вы добра гэта ведаеце. Так, Канстытуцыя не ідэальная. Яна дазволіла выкарыстаць гэтыя неідэальнасьці. Але я вам хачу сказаць, калі было такое жаданьне ў камуністаў — парупіцца вярнуць свае парадкі старыя, дык яны б зрабілі гэта і ідэальнай Канстытуцыяй. Яны ўсё роўна правялі б пэўныя пазыцыі якім-кольвек няпраўным чынам, як тое было зроблена так званым рэфэрэндумам. І на падставе гэтых няпраўнасьцяў зрабілі б гэты камуністычны рэванш. Таму што, нажаль, апазыцыя (я маю на ўвеце — камуністычнаму ладу) яна не змагла паводзіць сябе годна. Усе хацелі больш радыкальных зьменаў, хацелі хутчэй... Цяпер быццам бы вочы й расплюшчаныя але, паўтараю, папракаць няма каго, ва ўмоўным склоне ў палітыцы не гавораць".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы ацэньваеце ўвядзеньне інстытуту прэзыдэнцтва і як бы Вы ахарактарызавалі вельмі коратка — што б Вы лічылі галоўным вынікам пяцігадовай кадэнцыі прэзыдэнта Лукашэнкі?"

(Шушкевіч: ) "Галоўным вынікам я лічу: усталяваньне дыктатуры, усталяваньне няправасьці, парушэньне правоў чалавека... Пра які станоўчы вынік тут можна гаварыць? І ўсё гэта мкнуцца прыхаваць нейкімі "дасягненьнямі ў эканоміцы" або "стабілізацыяй" — гэта ж хлусьня самага нізкага гатунку.

І я вось зараз быў у ЗША і размаўляў з многімі сусьветнавядомымі экспэртамі. І яны кажуць: пра якія дасягеньні... аб якім росьце валавага нутранога прадукту можна казаць? У краіне, дзе інфляцыя ў 180 разоў большая за Расею, падкрэсьліваю — наш рубельабясцэніўся ў 180 разоў больш за расейскі! Мы зайшлі ў тупік. Але ведаеце, далей жа ж ісьці ўжо няма куды... І трэба, відавочна ўжо, набрацца мужнасьці (калі ёсьць яшчэ якая доля прыстойнасьці ў гэтага атачэньня) і сказаць, што далей так нельга. І, дарэчы, надыходзіць тая дата, калі гэта трэба так і рабіць".

Такое меркаваньне ў былога сьпікера, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Станіслава Шушкевіча.

XS
SM
MD
LG