Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Варшава

20 ліпеня ў Варшаве старшыня Зьвязу беларускіх пісьменьнікаў, сябра праўленьня Зьвязу журналістаў Беларусі, сябра міжнароднага ПЭН-Клюбу паэт Уладзімер Некляеў выступіў з заяваю. Дзеля гэтага Парляманцкім клюбам Зьвязу левых дэмакратычных сілаў Польшчы ў польскім Сэйме была наладжаная сустрэча Некляева з журналістамі. Уладзімер Некляеў заявіў, што ад 20 ліпеня прэзыдэнт Лукашэнка перастае быць легітымным, а таксама распавёў пра ўласныя справы й пэрспэктывы.

"Я — паэт, таму цяжка паддаюся палітычнае лёгіцы",-- зазначыў Уладзімер Некляеў, — "але мае дзеяньні ўсё больш патрабуюць палітычнае лёгікі".

Так была напісаная заява: "20 ліпеня 1999 году ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сканчаецца тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандар Лукашэнка скарыстаў дэмакратыю, традыцыі якой былі адноўленыя ў Беларусі рухам нацыянальнага адраджэньня, дзеля ўсталяваньня рэжыму асабістае ўлады. Рэжым асабістае ўлады ён скарыстоўвае дзеля ўсталяваньня дыктатуры. Ад 21 ліпеня 1999 году ёсьць усе падставы дзеля таго, каб сьцьвярджаць, што ў Беларусі йснуе дыктатура і ўладарыць дыктатар — нелегітымны прэзыдэнт. Сёньня краіна на мяжы страты сувэрэнітэту, якім прэзыдэнт бессаромна гандлюе. Незалежнасьць ён гатовы ахвяраваць уладзе й расправіцца з усімі, хто ў тым яму супрацьстаіць". "Мяноўна праз гэта я і змушаны часова пакінуць Беларусь", — сказаў Уладзімер Некляеў.

Чаму паэт, культурны дзеяч усьлед за палітыкамі фактычна палітычную заяву зрабіў 20 ліпеня?

Гаворыць Уладзімер Некляеў: "Тое, што я зрабіў гэта менавіта 20-га абумоўлена толькі датаю. Я хацеў бы, шчыра вам скажу, зусім не займацца аніякай палітыкаю і быць паслухмяным грамадзянінам сваёй краіны. І тое, што я менавіта гэтага хацеў бы... Адна з прычынаў, па якіх я менавіта сёньня зрабіў гэтую заяву, якраз і палягае ў тым, што — выбачайце, ад сёньняшняга дню я аніяк не магу (пры маёй, як там усе кажуць, найвялікшай ляяльнасьці й г.д.) быць паслухмяным грамадзянінам краіны, у якой улада стала нелігітымнай. Ну і пасьля трэба было сказаць гэта менавіта ў Польшчы, зацікавіць урэшце рэшт польскія ўлады, якія інэртныя абсалютна ў адносінах да ўсходу навогул, ня толькі да Беларусі, што дорага можа ім з часам, як мне здаецца, абыйсьціся".

(Карэспандэнтка: ) "А хто з афіцыйнага Менску намагаўся з Вамі скантактавацца, каб зьмяніць вашае рашэньне? Я ведаю, што, прыкладам, праз газэту НАВІНЫ Міхаіл Падгайны, які назваўся вашым сябрам, зьвяртаўся каб Вы "не маяліся дур'ю" і вярталіся на радзіму. Хто яшчэ спрабаваў выйсьці на Вас, каб вярнуць Вас?"

(Некляеў: ) "Да мяне зьвярталіся толькі тыя людзі з ураду, якіх я паважаю ў гэтым урадзе. У нас была дамоўленасьць, што гэтыя нашыя сустрэчы... абсалютна канфідэнцыйныя".

(Карэспандэнтка: ) "У такім разе — вам што больш раілі? Застацца ці вярнуцца?"

(Некляеў: ) "А хто што. Ёсьць у нас ня толькі ў апазыцыі, а і ў структурах улады людзі (і не дурныя людзі), якія разумеюць сутнасьць той палітычнае сытуацыі і хацелі б яе зьмяніць. У прыватнасьці, яны б не хацелі стаяць, як той "салдацік алавянны" перад адным чалавекам навыцяжку на вачох усяе краіны і сваёй сям'і... Стаіць, а яму "тыкаюць", ім грэбуюць, зь яго робяць нішто, хоць і ён займае вялікую пасаду... Ён, прыкладам, міністар ці намесьнік міністра. І калі ён быў з гэтым раней, ён звык, што яму далі гэтае поле, і ўладнае, і палітычнае. І ён на гэтым полі гаспадар... А зараз ніхто не гаспадар. Адзін "гаспадар"".

Пытаньне эміграцыі Некляева застаецца адкрытым. Ён мае візу, якая дазваляе быць на тэрыторыі Польшчы да канца году. Шчырая любоў да Беларусі, нежаданьне страціць праз эміграцыю свайго аўтарытэту ў краіне, стрымліваюць Некляева ў пытаньні, ці папрасіць палітычнага прытулку. Некляеў ведае польскі досьвед, як добрыя палітыкі й культурныя дзеячы, зьехаўшы на пачатку 80-х, сталі палітычнымі банкрутамі.

Той факт, што пытаньне эміграцыі пэрспэктыўнае для Ўладзімера Некляева, падцьверджваецца плянамі старшыні Зьвязу беларускіх пісьменьнікаў — у прыватнасьці, зарганізаваць у Варшаве Беларускі інстытут кшталту Польскага інстытуту ў Менску, беларускі асяродак, які мусіў мець уласнае выдавецтва, часапіс, аб'ядноўваць беларускіх інтэлектуалаў з розных куткоў сьвету. На думку Некляева, Беларусь патрабуе мейсцаў дзеля сустрэчаў і абмену думкамі.

На сёньняшняй сустрэчы Некляеў нагадаў гісторыю свайго канфлікту зь беларускімі ўладамі, зачытаў адмыслова напісаны верш, а пасьля выказаў пажаданьні адносна гэтае даты — 20 ліпеня:
"Каб ад сёньняшняга дню ня проста неяк пагранічна так... умоўна пачала зьдзяйсьняцца тая ідэя, якая была закладзеная ў той дзень, калі сапраўды была абвешчаная незалежнасьць нашае краіны, калі ўсе мы ўздымалі бел-чырвона-белыя сьцягі з пачуцьцём вялікае-вялікае радасьці, шчасьця... Я памятаю гэтае адчуваньне шчасьця, якое больш у жыцьці ніколі не адчуваў... Ну з гэтай нагоды, той, якая мяне асабіста ня тычыцца, нібыта — я асобна ўзяты чалавек, я разумеў шчасьце ад каханьня, я разумеў шчасьце ад паэзыі... я ніколі ня думаў, што можна мець шчасьце ад таго, што ў цябе ёсьць дзяржава і яе сымбалі ёсьць... — каб з гэтага дню гэта пачало вяртацца, а пасьля ўздымалася ўсё вышэй..."

"У мяне няма запасной Радзімы. Я быў і застаюся грамадзянінам сваёй краіны, ва ўсім гатовым падзяліць яе лёс. Апроч несвабоды", — такімі словамі скончыў сустрэчу Ўладзімер Некляеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG