Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

Як паведамілі нашаму радыё ў Дзярждэпартаманце ЗША, у блізкім часе будзе агучаная пазыцыя Злучаных Штатаў у пытаньні 20 ліпеня. Як сьведчаць экспэрты й спэцыялісты ў пытаньнях дачыненьняў з краінамі былога Савецкага Саюзу, заява будзе жорсткаю, але ня трэба чакаць ад Вашынгтона радыкальных захадаў, бо для іх ужо не йснуе глебы, паколькі за апошнія пяць гадоў дачыненьні паміж афіцыйным Вашынгтонам і Менскам былі зьведзеныя да мінімуму.

Пытаньне легітымнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі паўстала задоўга да 20 ліпеня. Я толькі прыгадаю выказваньне адмысловага дарадцы дзяржсакратара ЗША ў дачыненьнях з новымі незалежнымі дзяржавамі Роса Ўілсана, якое прагучала ў часе слуханьняў у Кангрэсе ЗША, прысьвечаных беларускаму пытаньню, што прайшлі ў красавіку.

Адносна легітымнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі спадар Ўілсан, у прыватнасьці, зазначыў наступнае: "Заканчэньне дэмакратычнага паводле Канстытуцыі 1994 году мандату прэзыдэнта Лукашэнкі 20 ліпеня стане фармальным заканчэньнем працэсу, што пачаўся колькі гадоў таму. Адыход прэзыдэнта Лукашэнкі ад канстытуцыйных нормаў, замах на правы беларускіх грамадзянаў даўно паставілі пад сумнеў ягоную легітымнасьць у дэмакратычнай Эўропе".

Такім чынам, пра афіцыйную пазыцыю Вашынгтону мы даведаемся ў блізкім часе. А вось якім бачыць разьвіцьцё падзеяў юрыст, адмысловец у галіне міжнароднага права, спэцыяліст па Беларусі Ітан Бёргэр: "Я лічу, што гэта не рэальна — чакаць ад Злучаных Штатаў ці якой іншай заходняй краіны якіхсьці захадаў, пакуль беларуская апазыцыя не пачне рабіць упэўненыя крокі ў аднаўленьні легітымнае ўлады. Заходнія краіны вельмі добра валодаюць тэхнікаю пазьбяганьня канфрантацыі, асабліва, калі ўлічваць важнасьць Расеі ў сыстэме эўрапейскае бясьпекі. Злучаныя Штаты, Нямеччына, Францыя і Вялікая Брытанія паспрабуюць не дапусьціць залішняй узрушанасьці ў дачыненьнях. Сказаўшы гэта, трэба зазначыць, што Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў разьвязаньні крызысу праз дыялёг. Але дзеля дыялёгу трэба, каб гутарылі абодва бакі, а таксама патрэбная і тэма да абмеркаваньня. У дадзеным выпадку, на маю думку, адсутнічае тэма перамоваў. Лукашэнка прадэманстраваў, што ён не жадае правядзеньня вольных дэмакратычных выбараў. Ён, мажліва, пагадзіцца на перамовы аб правядзеньні парляманцкіх выбараў у наступным годзе. Аднак, што тычна адыходу ад улады — ён папросту не жадае аддаваць уладу".

Ітан Бёргэр, юрыст, які працяглы час вывучае нутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, зазначыў, што сваёй адмоваю ад правядзеньня вольных прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка прадэманстраваў усяму сьвету, што ён ня верыць у падтрымку свайго электарату.

XS
SM
MD
LG