Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Новы раўнд перамоваў аб міры ў Афганістане, які мае распачацца ў Ташкенце, не дазваляе спадзявацца на хуткае дасягненьне міру, тым часам як абодва бакі канфлікту працягваюць рыхтавацца да шырокамаштабнага наступу.

У афганскім перамоўным працэсе застаецца зашмат спрэчных праблемаў, якія раней станавіліся галоўнымі перашкодамі на перамовах і якія наўрад ці ўдасца вырашыць на перамовах гэтак званай групы 6 плюс 2, якія маюць прайсьці ў сталіцы Ўзбэкістану Ташкенце 20-21 ліпеня.

Сярод гэтых перашкодаў - патрабаваньне талібамі міжнароднага прызнаньня, патрабаваньні апазыцыі на стварэньне аўтаномнага ўраду, адмова апазыцыі прызнаць кіраўніком Афганістану лідэра талібаў мулу Мухаммада Умара.

Групу 6 плюс 2 складаюць суседнія з Афганістанам краіны - Пакістан, Кітай, Іран, Таджыкістан, Узбэкістан і Туркмэністан - а таксама Злучаныя Штаты Амэрыкі і Расея.

Група разам з адмысловым пасланцом Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў Лахдарам Брагімі спрабуе выпрацаваць мірную дамову, якая б скончыла сямігадовую грамадзянскую вайну ў Афганістане.

«Праблема ў тым, што кіраўніцтва апазыцыі лічыць сябе легітымным урадам Афганістану і разглядае талібан нядаўнай і часовай зьявай», - уважае афганскі палітычны камэнтатар з Кабульскага Ўнівэрсытэту.

«У сакавіку пазначыўся відавочны прагрэс у мірных перамовах, аднак прайшло некалькі дзён, і ўсё было страчана».

Адхілены ад улады прэзыдэнт Бургануддзін Раббані і апазыцыйны паўночны альянс надалей прызнаюцца Арганізацыяй Аб'еднаных Нацыяў і амаль усімі ўрадамі сьвету, апрача Пакістану, Савудаўскай Арабіі і Аб'еднаных Арабскіх Эміратаў.

Аднак у выніку баявых перамогаў збройныя сілы талібаў цяпер кантралююць каля 80 % тэрыторыі Афганістану.

«Для руху Талібан прызнаньне іхнага ўраду сталася галоўным пытаньнем, аднак яно ўскладняецца іншымі праблемамі, накшталт Осамы бін Лядэна або абыходжаньня з жанчынамі», - заўважыў адзін заходні аглядальнік.

«Пры гэтым улады ў Кандагары - фактычнай сталіцы талібаў - вырашылі паслаць прадстаўнікоў у Ташкент літаральна ў апошнюю хвіліну, што не прадвяшчае нічога добрага».

Меркаваны спонсар тэрарызму Осана бін Лядэн працягвае хавацца на тэрыторыі Афганістану пасьля таго, як урад у Вашынгтоне запрапанаваў за ягоіную галаву 5 мільёнаў даляраў і ўлучыў яго ў сьпіс дзесяці найбольш шуканых органамі ФБР злачынцаў.

Бін Лядэн, 41-гадовы савудаўскі дысыдэнт, падазраецца ў арганізацыі летась у жніўні тэрарыстычных актаў супраць амэрыканскіх амбасадаў у Кеніі і Танзаніі, у выніку якіх загінулі 224 чалавекі, а такзама шэраг іншых злачынстваў.

Ужо згаданы заходні аглядальнік паведаміў, што Вашынгтон не пагодзіцца на прызнаньне ўраду талібаў пакуль Дзяржаўны Дэпартамэнт будзе падазраваць іх у даваньні прытулку бін Лядэну, пры гэтым ня выключанае паўторнае бамбаваньне Афганістану. Летась у жніўні Злучаныя Штаты збамбавалі палявы лягер бін Лядэна на афганскай тэрыторыі.

«І гэта толькі адна прычына непрыняцьця талібаў міжнароднай супольнасьцю», - кажа аглядальнік.

Вострую крытыку на Захадзе выклікала закрыцьцё талібамі школаў для дзяўчат, абмежаваньне мэдычнай дапамогі для жанчын і выключэньне жанчынаў з рынку працы.

Жанчыны, асабліва ў Кабуле, у публічных месцах мусяць насіць даўгія шаты, якія хаваюць іх з галавы да ног. Музыка, заходняя мода, тэлевізія, тэатар і алькаголь таксама забароненыя.

Цяпер у перамоўным працэсе адбываецца застой, тым часам як у друку зьявіліся паведамленьні аб падрыхтоўцы абодвух бакоў да шырокамаштабнага наступу, які мае стацца вырашальным у шматгадовым грамадзянскім канфлікце.

Паводле крыніцаў з афганскай апазыцыі, талібы рыхтуюць вырашальны ўдар, скіраваны на захоп падкантрольных апазыцыі паўночных правінцыяў краіны.

XS
SM
MD
LG