Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Для назіральнікаў 20 ліпеня сталася нагодаю дзеля падсумаваньня пяцігадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрвію сваё меркаваньне выказвае старшыня Беларускае праваабарончае канвэнцыі Аляксандар Патупа.

Беларусь губляе будучыню. За пяць гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі Беларусь адкінутая на дзесяць гадоў назад — так ахарактарызаваў вынік пяцігадовага прэзыдэнцтва Лукашэнкі старшыня Беларускае праваабарончае канвэнцыі Аляксандар Патупа.

(Патупа:) "І мы страцілі дэмакратыю ў дзяржаве, мы страцілі дэмакратыю ў эканоміцы, у трэцім сэктары. І мы можам страціць дзяржаву. Ён жа вядзе Беларусь да стану расейскага дамініёну. Я б гэты рэжым ахарактарызаваў як сацыял-мазахізм — бальшыня нашага насельніцтва ўспрымае на сяньня гэтыя мэтады. Нажаль".

Гэтая рэакцыя беларускага электарату, на думку Патупы, выглядае тым больш дзіўнаю, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў катастрафічным стане. За час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі быў канчаткова аформлены пераход ад квазірынкавай эканомікі (порасткі якой яшчэ йснавалі, нават, за часам Кебіча) да адміністрацыйна-камандавай сыстэмы кіраваньня. Сярэдні заробак у краіне складае 30 даляраў, што зьяўляецца адным з самых нізкіх паказьнікаў у Эўропе. Замежныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку складаюць 3 даляры на кожнага жыхара краіны. Сярэдняя кляса або буржуазыя, якая б мусіла стаць носьбітам лібэральных рэформаў і гарантам незалежнасьці Беларусі, не сфармаваная. Зьнішчэньне ўсялякіх формаў кантролю — вось мэта, да якой на працягу пяці гадоў крочыў Аляксандар Лукашэнка.

"Толькі свае правілы гульні. І аніякія іншыя! Аніякіх перамоваў у прынцыпу — выніковых перамоваў. І аніякае формы кантролю — ані дзяржаўнага, ані грамадзкага, ані іншага. Гэта мяжуе рэальнасьць з псыхіятрычнаю характарыстыкаю", — заявіў Аляксандар Патупа.

20 ліпеня цуд не адбудзецца. 21 ліпеня кіраваць дзяржаваю будзе Аляксандар Лукашэнка. Прычынаю таму, як лічыць Аляксандар Патупа, тое, што "мы не маем якой-кольвек канвэнцыяльнае мадэлі трансфармацыі краіны. А гэта не мадэль барацьбы супраць Лукашэнкі, а ў першую чаргу мадэль трансфармацыі краіны".

Задачаю беларускае апазыцыі пасьля 21 ліпеня і павінна быць выпрацоўка сваёй мадэлі трансфармацыі беларускага грамадзтва, заявіў Аляксандар Патупа, старшыня Беларускае праваабарончае канвэнцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG