Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 1999 г.


Адным з самых папулярных людзей Беларусі, і ўжо ж напэўна, агульнавядомым, зьяўляецца трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандар Мядзьведзь. Аднак сяньня прозьвішча Мядзьведзь гучыць зусім у іншым кантэксьце — судовым.

Магчыма, ня ўсе аматары спорту ведаюць пра тое, што ў славутага беларускага асілка ёсьць сын Аляксей. Ён пайшоў па сьлядох бацькі і, як і Аляксандар Васільевіч, займаецца вольнай барацьбой. І хаця Аляксей пакуль ня можа паўтарыць посьпехаў славутага бацькі, пэўныя дасягеньні ён ўжо мае. У прыватнасьці, Аляксей Мядзьведзь зьяўляецца чэмпіёнам сьвету сярод юніораў.

Але сяньня прозьвішча Мядзьведзь гучыць зусім у іншым кантэксьце. 16 ліпеня Аляксей Мядзьведзь падаў скаргу ў гарадзкую пракуратуру Менску. Ён напісаў пра тое, што два дні таму быў літаральна зьбіты міліцыяй.

Паводле Аляксея Мядзьведзя, ён разам зь сябрам, дзесьці каля васьмі гадзінаў увечары, стаяў ля кінатэатру "Масква", што насупроць Палацу спорту. Раптам да іх падбеглі два чалавекі ў цывільнай вопратцы. Праз хвіліну да іх далучылася яшчэ чалавек сем--восем. Яны загадалі юнакам класьціся на асфальт...

Спачатку спартовец і ягоны сябар падумалі, што гэта нейкі недарэчны жарт, але калі да галавы Мядзьведзя прыставілі пісталет, тут ужо стала не да жартаў. Хлопцаў кінулі на асфальт, зьвязалі рукі, пачалі зьбіваць. Пры чым усё гэта рабілася на вачох выпадковых мінакоў і здымалася на відэакамэру. Мядзьведзь і ягоны сябар зрабілі спробу спытаць, за што, зь якой нагоды іх зьбіваюць. У адказ пасыпаліся ўдары ботамі.

Хлопцаў адвезьлі ў раённую ўправу нутраных справаў Савецкага раёну Менску. Там пратрымалі хвілінаў дваццаць, пасьля чаго папрасілі прабачэньня. Патлумачылі: маўляў, Аляксей Мядзведзь вельмі падобны на аднаго з гандляроў наркотыкамі. Атрымалася памылка — пераблыталі людзей...

Бацька Аляксея, трохразовы алімпійскі чэмпіён, надзвычай узрушаны здарэньнем. Ганаровы грамадзянін Менску, віцэ-прэзыдэнт беларускага алімпійскага камітэту (прэзыдэнтам камітэту, дарэчы, зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка), літаральна змусіў сына падаць скаргу у пракуратуру.

Сяньня ў пракуратуры Менску паведамілі — па заяве Аляксея Мядзьведзя ўзбуджана сьледзтва.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG