Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

КГБ Беларусі распаўсюдзіў зьвесткі аб узбуджэньні крымінальнае справы супраць камандуючага паветранымі сіламі краіны Сяргея Булыгіна. Разам з гэнэралам Булыгіным падазраецца ў злачынствах таксама дырэктар акцыянэрнага таварыства "Тэхавіясэрвіс" Жыгачоў. Афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што справа супраць камандуючага тычыцца парушэньняў у здачы авіятэхнікі ў арэнду камэрцыйным структурам і аніяк не зьвязаная з гісторыяй пра рухавікі самалётаў МІГ-29, скрадзеныя ў Расеі і знойдзеныя нядаўна ў Беларусі.

Ад гучнага скандалу здрыгануліся беларускія паветраныя сілы. Іх камандуючы, гэнэрал Сяргей Булыгін знаходзіцца пад сьледзтвам. Пра гэта паведаміў беларускі КГБ. Ня выключана, што інфармацыя пра гэнэрала Булыгіна ўбачыла сьвет менавіта зараз — невыпадкова. Цікава тое, што ўпершыню з такіх аўтарытэтных крыніцаў паведамілі кампрамэтуючыя зьвесткі пра высокапастаўленага вайсковага кіраўніка, які не заарыштаваны, а працягвае выконваць свае абавязкі.

Сьцьвярджаецца, што Булыгін падазраецца ў перавышэньні сваіх абавязкаў або ў бязьдзейнасьці. Гэта 249 артыкул Крымінальнага кодэксу, пункт А. Справа быццам бы тычыцца здачы ў арэнду авіятэхнікі, адказнасьць за што, сапраўды, цалкам нясе камандуючы. Аднак, ня гледзячы на сур'ёзнасьць абвінавачваньня, ён не адхілены ад працы й працягвае вырашаць службовыя пытаньні. У тым ліку й тыя, што тычацца й далейшай арэнды тэхнікі.

А вось падзельніку Булыгіна, дырэктару акцыянэрнага таварыства "Тэхавіясэрвіс" спадару Жыгачову даводзіцца значна цяжэй. Сьледчыя падазраюць яго ў раскраданьні дзяржаўнае маёмасьці — сьцьвярджае КГБ. Быццам бы Жыгачоў залез у кішэню дзяржавы, парушаючы правілы арэнды авіятэхнікі. Тым ня менш, Жыгачоў таксама не заарыштаваны, ён толькі знаходзіцца пад сьледзтвам, якое вядзе вайсковая пракуратура. І не абы хто, а аддзел па асабліва цяжкіх злачынствах на чале з палкоўнікам Кобрыным. Нашыя спробы зьвязацца з палкоўнікам не ўдаліся. Пасьля інфармацыі КГБ пра справу, якой займаюцца ягоныя падначаленыя, палкоўнік з прэсаю не кантактуе.

У чым асаблівая цікавасьць гэтае гісторыі, гэта ў тым, што скандал з Булыгіным першы пасьля таго, як на вайсковых складах у пасёлку Ўручча пад Менскам былі нечакана знойдзеныя шэсьць рухавікоў з самалётаў МІГ-29, скрадзеных у Расеі. Вайсковая пракуратура Беларусі высьвятліла, што гэтыя рухавікі — малая частка авіятэхнікі на сотні мільёнаў даляраў, якія былі раскрадзеныя ў Расеі яшчэ да 1995 году. Тое, што скрадзенае трапіла на захоўваньне ў Беларусь не выпадкова — давяло сьледзтва. Пра гэта заявіў намесьнік ваеннага пракурору Беларусі Аляксандар Піляўскі. Ён жа паведаміў, што знаходку зрабілі на вайсковым сховішчы, якое арэндавала камэрцыйная структура. А такія апэрацыі не маглі праходзіць незаўважна ад вайсковага кіраўніцтва. Прайшло некалькі тыдняў, аднак аніякае рэакцыі на тую гісторыю грамадзкасьць не дачакалася. Ніхто з вайскоўцаў ня быў заарыштаваны, нават ня зьняты з пасады.

І вось нарэшце паведамленьне пра карупцыю ў кіраўніцтве паветраных сілаў убачыла сьвет. Праўда, яно не расстаўляе кропкі над "і", і, нават, яшчэ больш заблытвае становішча. Або гэнэрала Булыгіна сапраўды падазраюць у дачыненьні да афёры з расейскай авіятэхнікаю, і, каб узяцца за яго, пачынаюць з малога, або яму помсьцяць за тое, што ягоныя падначаленыя не захавалі рухавікі для расейскіх МІГаў. Продаж якіх мог прынесьці некалькі мільёнаў даляраў.

Застаецца яшчэ й трэці варыянт, што рухавікі — гэта цалкам іншая гісторыя, і справа супраць Булыгіна й Жыгачова ня мае да яе аніякага дачыненьня. На гэтым варыянце, у прыватнасьці, настойвае прэсавая служба Рады Бясьпекі. Толькі тады не зразумела, навошта спатрэбілася беларускаму КГБ распаўсюджваць інфармацыю пра справу, у якой яшчэ не пастаўленая кропка.

XS
SM
MD
LG