Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Кадравыя пытаньні, якія выцякаюць з артыкула 105 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году, будуць разгледжаныя на паседжаньні Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня ў сераду 21 ліпеня.

Вядома, што сярод дэпутатаў пакуль няма адзінае думкі наконт таго, дзе праводзіць сэсыю. Адныя выступаюць за тое, каб, як і раней, усё даверыць Прэзыдыюму. Некаторыя, больш радыкальныя народныя абраньнікі, як, прыкладам, Вячаслаў Герасіменка, яшчэ на мінулым паседжаньні прапаноўвалі сабрацца ўсім ля будынку Дому ўраду й патрабаваць ад улады залю, у якой раней праходзілі паседжаньні Вярхоўнага Савету, і дзе цяпер працуе так званая "палата прадстаўнікоў". Ёсьцека й трэці варыянт, аўтарства якога прыпісваюць Віктару Ганчару — правесьці сэсыю ў Расейскай Фэдэрацыі. Прыкладам, у Смаленску або ў Маскве.

Як вядома, Цэнтральная камісыя па выбарах прэзыдэнта, прызначаная дэпутатамі Вярхоўнага Савету, вынесла свой вэрдыкт — выбары прызнаныя несапраўднымі. А асноўны закон нашае краіны не прадугледжвае іншае працэдуры працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта акрамя як праз выбары. Таму, пачынаючы з нуля гадзінаў 21 ліпеня паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі лічацца скончанымі. У сувязі з немагчымасьцю далейшага выкананьня ім сваіх абавязкаў паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы пераходзяць да Старшыні Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня. Што й хочуць заканадаўча аформіць 21 ліпеня дэпутаты.

А пакуль Сямён Шарэцкі, іншыя сябры Прэзыдыюму робяць пэўныя захады, каб сабраць на паседжаньне 21 ліпеня як мага больш дэпутатаў. На апошнім паседжаньні іх было 39. У гэты сьпіс не ўвайшоў Станіслаў Шушкевіч, які знаходзіўся ў залі літаральна 10 хвілінаў, пасьля чаго тэрмінова паехаў у аэрапорт, адкуль ён выляцеў у Злучаныя Штаты Амэрыкі дзеля ўдзелу ў буйной міжнароднай канфэрэнцыі. Але на паседжаньне 21 ліпеня Шушкевіч мусіць вярнуцца. Яшчэ два дэпутаты 15 ліпеня хварэлі, пра што яны й паведамілі своечасова ў сакратарыят сэсыі.

Чым бліжэй 21 ліпеня, тым больш усялякіх чутак. Прыкладам, пра тое, што Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі быццам бы прасіў палітычны прытулак у кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Намесьнік кіраўніка гэтае групы спадар Кляйнэр на нашае пытаньне адказаў, што да яго з такой просьбаю Шарэцкі не зьвяртаўся.

Самаго Старшыню знайсьці ня проста, паколькі ён, паводле спадарыні Сьвяцкай, вельмі заняты падрыхтоўкаю сэсыі. Але ад ягонага ймя Валянціна Сьвяцкая заявіла — усе паведамленьні пра тое, што Шарэцкі быццам бы прасіў дзесьці палітычны прытулак — хлусьня. Такога не было й ня будзе — запэўніла кіраўнік сакратарыяту Вярхоўнага Савету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG