Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Напярэдадні 20 ліпеня — тэрміну сканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Сямён Шарэцкі вырашыў часова зьмяніць мейсца жыхарства. Ён перасяліўся ў гатэль Нямецкага Інфармацыйнага цэнтру ІВВ, у будынку якога зараз мейсьціца прадстаўніцтва маніторынгава-кансультатыўнае групы АБСЭ. Свае дзеяньні Сямён Шарэцкі матываваў тым, што беларускія спэслужбы апошні месяц надзвычай нахабна сочаць за ягонымі дзеяньнямі, і, паводле інфармацыі сьпікера, рыхтуюць ягоны арышт.

Непрадказальнасьць Аляксандра Лукашэнкі змусіла сьпікера Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Сямёна Шарэцкага пайсьці на беспрэцэдэнтавыя меры бясьпекі. Спадар Шарэцкі часова перасяліўся ў гатэль пры АБСЭ ў Менску. Старшыня Вярхоўнага Савету непакоіца, што напярэдадні пашыранага паседжаньня дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якое мусіць адбыцца 21 ліпеня, улады зробяць спробу яго зарыштаваць. У тэлефоннай размове Сямён Шарэцкі заявіў, што будзе заставацца ў гатэлі АБСЭ столькі, колькі палічыць патрэбным, прынамсі, да 21 ліпеня.

На мінулым тыдні да спадара Шарэцкага патрапілі зьвесткі пра тое, што беларускія спэцслужбы зробяць спробу яго зарыштаваць. Матыў дзеяньняў спэцслужбаў, паводле словаў Шарэцкага, просты — пасьля сканчэньня пяцігадовага тэрміну кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы пераходзяць да старшыні Вярхоўнага Савету.

У сувязі з гэтым яшчэ зранку ў суботу 17 ліпеня Сямён Шарэцкі скіраваўся ў прадстаўніцтва маніторынгава-кансультатыўнае групы АБСЭ, дзе й падзяліўся сваімі праблемамі з кіраўніком кансультатыўнае групы АБСЭ Гансам-Георгам Вікам, ягоным намесьнікам Кляйнэрам, а таксама з кіраўніком працоўнае групы Парляманцкае асамблеі АБСЭ Андрыянам Севярынам, які зараз, нагадаю, ладзіць дыялёг між уладаю і апазыцыяй. Паводле словаў Шарэцкага, усе яны паставіліся да сытуацыі з разуменьнем, асабліва пасьля таго, як 15 ліпеня пад час перамоваў Андрыяна Севярына з дэпутатамі Вярхоўнага Савету, у залі, дзе адбывалася сустрэча, было знойдзена падслухоўнае прыстасаваньне. Гэтую інфармацыю Сямён Шарэцкі падцьвердзіў.

Адказваючы на пытаньне нашага радыё, ці ёсьцека зьвесткі пра тое, што рыхтуюцца арышты іншых дэпутатаў Вярхоўнага Савету, Сямён Шарэцкі заявіў: "Я не хачу думаць за ўлады. Вы ва ўладаў вазьміце й запытайцеся, ці будуць яны рабіць якія захады супраць Вярхоўнага Савету".

Паводле нашае інфармацыі, у гатэлі пры прадстаўніцтве АБСЭ ў Менску знаходзіцца сяньня й дэпутат Сямён Домаш. Але ў маніторынгава-кансультатыўнай групе пакуль не падцьвердзілі інфармацыю пра тое, што спадар Домаш пасяліўся ў гэтым гатэлі. Разам з тым вядома, што прадстаўніцтва АБСЭ не валодае статусам экстэрытарыяльнасьці, а таму гарантаваць бясьпеку дэпутатам ня ў стане.

Прадстаўнікі Вярхоўнага Савету спадзяюцца, што на вачох у прадстаўнікоў АБСЭ гвалтоўнае дзеяньне ўлады рабіць не наважацца. Я думаю, што пакуль пляны не мяняюцца, але ж пакуль і не вядома, дзе адбудзецца гэтае паседжаньне Вярхоўнага Савету 21 ліпеня. Вядома, што ўсе папярэднія паседжаньні адбываліся ў патаемных мейсцах. І ўлады, я думаю, ужо вывучылі ўсе асновы кансьпіратыўнае дзейнасьці. Я нагадаю, што пад час мінулага паседжаньня Вярхоўнага Савету дэпутаты сабраліся каля гатэлю "Юбілейны". Там паселі ў таксоўкі й скіраваліся ў рэстарацыю, дзе й мусіла было адбыцца пашыранае паседжаньне дэпутатаў. Як гэтым разам дэпутаты зарганізуюць сваё паседжаньне — невядома. Ня выключана, што яны адразу зьбяруцца ў будынку маніторынгава-кансультатыўнае групы АБСЭ і, прыкладам, у холе зарганізуюць паседжаньне дэпутатаў Вярхоўнга Савету й менавіта там будуць прымаць рашэньні адносна далейшае будучыні Аляксандра Лукашэнкі й кіраўніка дзяржавы.

XS
SM
MD
LG