Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 ліпеня 1999 г.


Югаславія перажывае пасьля заканчэньня косаўскага канфлікту цяжкі сацыяльна-псыхалягічны крызіс.

Гэтай тэме прысьвечаны артыкул Крыса Хэджыза ў газэце New York Times.

Югаслаўскія генэралы, якія разьяжджаюць па краіне, суцішаючы пратэсты і разьбіраючы дарогі, заблякаваныя разьюшанымі вайскоўцамі, што не атрымалі заробкаў за службу ў Косаве, вымушаныя гасіць адзін за адным пажары бунтоў.

Пакуль што, як выглядае, генэралам хоць бы часткова ўдалося адцягнуць народны гнеў ад прэзыдэнта Мілошавіча і скіраваць яго на найноўшага ворага Сэрбіі – Расею.

Вайскоўцы-рэзэрвісты ў мястэчку Вране ды ў іншых гарадох паўдзённай Сэрбіі разабралі вулічныя барыкады пасьля таго, як генэрал Нэбойша Паўкавіч паабяцаў выплату запозьненых заробкаў на працягу двух тыдняў. Генэрал таксама замацаваў сярод сваіх былых жаўнераў новы міт, які пачаў пашырацца па ўсёй Сэрбіі. А менавіта – Сэрбія не была разьбітая натаўскімі бомбамі, ёй здрадзіла і яе прадала Расея, краіна такая самая падступная і крывадушная, як і Злучаныя Штаты.

«Мы хацелі дасягнуць мірнага пагадненьня, - сказаў генэрал, выступаючы перад сотняй рэзэрвістаў у Вране, - аднак нашыя прапановы не былі прынятыя. Мы зьвярнуліся да расейцаў, якія былі нашымі сябрамі, і склалі плян. Расейцы гэты плян прынялі. Паводле яго мы меліся пакінуць у Косаве Прышцінскі корпус і спэцыяльныя аддзелы Міністэрства Ўнутраных Справаў, разам з тым у край дазвалялася ўвесьці кантынгент Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў. І ўсё было б у парадку».

«Аднак расейцы пасьля прыйшлі й сказалі, што мы мусім прыняць заходні плян, - сказаў генэрал. – Расейцы сказалі, што калі мы ня прымем той плян, дык кожны горад у Сэрбіі будзе зраўнаны зь зямлёю. Усе масты ў Бялградзе будуць зьнішчаныя. Усё збожжа будзе спаленае. Усе людзі загінуць. Вось якія расейцы. Яны нам не памаглі».

Такім чынам распачаліся яшчэ адныя ўцёкі ад рэальнасьці – як гэта ўжо не аднойчы здаралася з сэрбамі падчас розных іншых югаслаўскіх войнаў. Адказнасьць за катастрофу кладзецца не на рэжым Мілошавіча і сэрбскі нацыяналізм, а на зламысныя зьнешнія сілы, якім заманулася зьнішчыць сэрбскі народ.

І хоць многія жаўнеры і рэзэрвісты крытычна ставяцца да прэзыдэнта Мілошавіча, выглядае, што шмат хто гатовы пагадзіцца з гэтай новай вэрсіяй падзеяў. У шырокіх масах так і не назіраецца раскаяньня за Косава або за войны Сэрбіі ў Босьніі і Харватыі.

«У Косаве нам здрадзілі, - кажа 23-гадовы Івіца Младэнавіч, які служыў у Косаве, а цяпер браў удзел у блякаваньні вуліцаў, - Нашае змаганьне ня мела сэнсу. Я чакаю дня, калі нам загадаюць вярнуць Косава Сэрбіі. Я буду першым добраахвотнікам. Цяпер Косава займае Армія Вызваленьня Косава. Сэрбаў выганяюць з дамоў. Чатыры дні таму дзеда майго сябра зьнявечылі і выкалалі яму вочы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG