Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

За мінулыя суткі ў штаб у вызваленьне Міхала Чыгіра тройчы паступалі зьвесткі аб магчымым забойстве 51-гадовага Міхала Чыгіра, які 4-ты месяц знаходзіцца ў сьледчым ізалятары "на Валадарцы". Двойчы паведамленьні-папярэджаньні паступалі на аўтаадказчык штабу. "Рыхтуецца зьнішчэньне Чыгіра. Падымайце ўсіх! Яго або заб'юць, або атруцяць, або задушаць", — гаворыцца ў паведамленьні, якое начытана скажоным мужчынскім голасам.

Каардынатар штабу Валянціна Сьвятка сустрэлася з супрацоўнікам аднае зь беларускіх спэцслужбаў, які падцьвердзіў інфармацыю пра плянаванае забойства Чыгіра. Да якой канкрэтна спэцслужбы належыць гэты супрацоўнік, Сьвятка паведаміць адмовілася. Сёньня ўначы адбылася тэрміновая сустрэча кіраўніка маніторынгава-кансультатыўнае групы АБСЕ Ганса Георга-Віка з супрацоўнікамі штабу ў вызваленьне Чыгіра. Занепакоенасьць з нагоды атрыманых зьвесткаў даведзена штабам да сілавых міністэрстваў, заходніх амбасадаў і кіраўніцтва сьледчага ізалятару, дзе ўтрымліваецца экс-прэм'ер.

На экстраннай прэсавай канфэрэнцыі Юлія Чыгір паведаміла, што сёньня ёй дазволілі спаткацца зь Міхалам Чыгіром. Выглядае ён, паводле словаў спадарыні Чыгір, не найлепшым чынам. У паводзінах мужа жонка заўважыла неўласьцівую замаруджанасьць, а таму параіла адмовіцца ад ежы ў вязьніцы. У камэру Чыгіра, разьлічаную на 4 чалавекі, сёньня раптоўна падсялілі пятага сукамэрніка. Адзін із сьледчых, Яўген Несін, зь якім пасьпела паразмаўляць Юлія Чыгір, запэўніў яе, што Чыгіру анічога не пагражае. Сама Юлія Чыгір не давярае гэтым запэўніваньням. У заяве, што распаўсюджаная штабам у вызваленьне Чыгіра, гаворыцца: "Улічваючы, што набліжаецца дата 20 ліпеня і рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да гэтай даты адпаведным чынам, мы не выключаем, што пад выглядам магчымай дэпрэсыі, "якая наступіла па віне апазыцыі", рэжым зробіць спробу зьнішчыць Міхала Чыгіра. Ня выключана, што будзе зьімітавана самазабойства".

Удзельнікі кампаніі ў вызваленьне экс-прэм'ера зьвярнуліся да кіраўнікоў міністэрства нутраных справаў, камітэта дзяржбясьпекі з заклікам не дапусьціць злачынства. Я цытую: "У выпадку ўзьнікненьня пагрозы жыцьцю Міхала Чыгіра ўся адказнасьць ляжа на плечы ня толькі выканаўцаў, але й тых, хто гэта замовіў". "Усе яны падпарадкоўваюцца аднаму чалавеку — прэзыдэнту Лукашэнку", — гаворыцца ў заяве. Заўтра Юлія Чыгір сустракаецца з кіраўніком працоўнае групы Парляманцкае Асамблеі АБСЕ Андрыянам Севярынам.

Міхал Чыгір чацьверты месяц утрымліаецца за кратамі па абвінавачваньню ў выдаткаваньні нявернутага крэдыту. Крымінальная справа ўзбуджаная паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сьледчыя дзеяньні ў справе, аднак, не вядуцца. 12 красавіка адбыўся апошні допыт.

Юлія Чыгір гаворыць, што баіцца ня столькі суду, колькі таго, што Міхал Чыгір паўторыць лёс Тамары Віньнікавай і Юрыя Захаранкі.

XS
SM
MD
LG