Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 ліпеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Кіраўскі раённы суд ізноў вернецца да справы былога кіраўніка акцыянэрнага таварыства "Расьсьвет" Васіля Старавойтава. Судзьдзя Надзея Чмара пастанавіла правесьці паседжаньне, пад час якога будзе вызначаная сума зыску для Старавойтава з боку гаспадаркі. Чакаючы на гэтае рашэньне, Васіль Старавойтаў дагэтуль знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Бабруйску.

Судзьдзя Кіраўскага раённага суду Надзея Чмара прызначыла на 20 ліпеня паседжаньне, на якім будзе разгледжаны памер зыску да Васіля Старавойтава і ягоных памочнікаў, Еўстратава ды Шапавалава, з боку калгаса "Расьсьвет". Нагадаем, ужо два месяцы, як закончыўся суд над былымі кіраўнікамі "Расьсьвету", а дагэтуль няма адказу на пытаньне — колькі ж грошай яны вінны "расьсьветаўцам". Нявызначанасьць тлумачыцца зусім не памылкаю суду, а толькі пазыцыяй самой гаспадаркі. На самым пачатку працэса "Расьсьвет" выставіў Старавойтаву, Еўстратаву й Шапавалаву прэтэнзыі ажно на 22 млрд. рублёў. Але такі не зрабіў абгрунтаваньне гэтае сумы. А галоўнае, не паведаміў, колькі грошай ужо вернутыя. Праўда, на судзе фігуравалі значна меншыя грошы — 4 млрд. рублёў, якія былі вернутыя. Гэта дадзеныя адвакаткі Старавойтава Веры Страмкоўскай. Што тычыцца судзьдзі Надзеі Чмары, дык яна не бярэцца называць суму зыску без даведкі "Расьсьвета". Пры гэтым судзьдзя ня ўпэўненая, што атрымае даведку да 20 ліпеня. "Калі дакуманты ня прыйдуць, адкладзем паседжаньне. Буду патрабаваць ад "расьсьветаўцаў", каб яны нарэшце падлічылі, колькі ўсё ж вінны Старавойтаў ды іншыя. Сказаць па шчырасьці — я ад гэтай гісторыі таксама вельмі стамілася", — прызналася Надзея Чмара.

Тым часам Васіль Старавойтаў працягвае сядзець у бабруйскім ізалятары, дзе ўмовы ўтрыманьня значна горшыя за менскую калёнію, куды яго аніяк не перавядуць.

Набліжаецца ключавая падзея ў жыцьці другога беларускага палітвязьня, дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава. 22 ліпеня ў Ленінскім раённым судзе Менску распачнецца працэс па ягонай справе. Старшынстваваць на працэсе будзе судзьдзя Вера Тупік. Паводле словаў самой судзьдзі, сёньня яна пачала знаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя ўпэўненая, што пасьпее вывучыць усе дакуманты да 22 ліпеня. У жонкі Клімава, Тацяны, гэтая заява выклікае зьдзіўленьне. Яна ўзгадвае, што срава налічвае 27 тамоў.

Андрэй Клімаў у гэтыя дакуманты нават не глядзеў. Ён па-ранейшаму лічыць сябе невінаватым і патрабуе вызваленьня яшчэ да суду. Клімаў і ягоная адвакатка Вольга Біруля падалі хадайніцтва аб тым, каб на працэсе прысутнічалі дактары, бо ў Андрэя хворае сэрца. Дарэчы, судзьдзя Тупік сёньня адмовіла жонцы й маці дэпутата ў спатканьні зь ім напярэдадні суду. Тацяна Клімава кажа, што гэта нечаканае рашэньне, якое супярэчыць завядзёнцы, згодна зь якою спатканьні звычайна абвінавачаным даюцца.

Калі адбудзецца суд над экс-міністрам Васілём Лявонавым, стане вядома на будучым тыдні. Пра гэта сказала адвакатка Лявонава Вольга Зудава. Паводле яе зьвестак, хутчэй за ўсё суд прызначыцца на сярэдзіну жніўня. Сёньня Зудава сустрэлася зь Лявонавым у сьледчым ізалятары. Яна кажа, што стан здароўя ў яе падабароннага не палепшыўся.

XS
SM
MD
LG