Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 ліпеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Як вядома, сустрэчы Андрыяна Севярына з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску папярэднічала рэзалюцыя Парляманцкае Асамблеі АБСЕ з заклікам да дыялёгу ўладаў з апазыцыяй і правядзеньне дэмакратычных выбараў у Беларусі. Анатоль Лябедзька, які прадстаўляў на Асамблеі Вярхоўны Савет, ужо тады выказаў меркаваньне, што тактыка так званых малых крокаў з боку АБСЕ абавязкова дасьці свой вынік. Разам з тым, станоўка ацэньваючы сам факт сустрэчы Лукашэнкі зь Севярынам, анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што самае складанае для беларускае апазацыі яшчэ наперадзе.

(Лябедзька:) "Ну, я думаю, што тут проста патрэбная палітычная воля, вытрымка... і яб сказаў, што для апазыцыі патрэбна пераглядаць і мяняць тактыку. Будзе йсьці вельмі цяжка гульня. І якраз шмат чаго залежыць ад тых нутраных кансультацыяў, якія мусяць прайсьці спасярод палітычных партыяў і ў нутры Вярхоўнага Савету.

(карэспандэнт:) "А скажыце, у зьвязку з гэтай дадатаю — 20 ліпеня — ці не ствараецца ўражаньня, што, мажліва, усе гэтыя заявы пра саступкі, пажаданьні супрацоўнічаць з Захадам — словы як бы "часовага скарыстаньня". Што пасьля 20-га яны могуць быць адкінутыя. І адразу яшчэ адное пытанье — якімі могуць быць дзеяньні Вярхоўнага Савету й апазыцыі адразу пасьля 20-га?"

(Лябедзька:) "Ну, на самай справе, ужо тое, што Лукашэнка пайшоў на такую сустрэчу з групаю Севярына, гэта сьведчыць, што калі прэзыдэнт не зусім слабы, дык ён не такі ўжо й моцны. Натуральна, яшчэ паўгады, ці год назад, ніколі б не адбылася такая сустрэча. І прэзыдэнт змушаны ўлічваць тыя акалічнасьці, што яго не пускаюць на палітычную прастору ў Расеі, эканамічныя цяжкасьці... Натуральна, што ён разьлічвае атрымаць фінансавыя рэсурсы і з Захаду. І прэзыдэнт будзе, відаць, гуляць у эмітацыю перамоўнага працэсу, і пад гэтую эмітацыю выбіць нейкія грошы, нейкія сродкі, каб перажыць вельмі складаную й вельмі цяжкую зіму.

А наконт 20-га я ўчора на сустрэчы зь Севярынам адзначыў, што вельмі добра, што гэтая сустрэча адбылася напярэдадні 20-га. Наколькі я ведаю, Лукашэнка намагаўся перанесьці гэтую сустрэчу на адразу пасьля 20-га, і тут трэба аддаць належнае прынцыповасьці Севярына й ягонай групы, што яны настаялі на тым, каб гэтая сустрэча адбылася менавіта цяпер. Фактычна, гэта азначае працяг бухарэсцкага працэсу.

Што датычыць таго, што будзе пасьля 20-га, падыход Грамадзянскае партыі такі, што для нас няма легітымнага прэзыдэнта Лукашэнкі, мы наогул, прапануем усім сродкам масавае інфармацыі выключыць слова "прэзыдэнт". Для нас гэта чалавек, які захапіў уладу, які практычна кантралюе сытуацыю. Але мы можам і павінны йсьці на дыялёг, перамовы з гэтай уладаю. Што будзе пасьля 20-га, я не рабіў бы нейкіх занадта аптымістычных заяваў, але я думаю, што пэўныя зрухі ўсё ж такі ў сьвядомасьці людзей адбудуцца. А непасрэдна 20-га, я думаю, сьвядомая частка людзей выйдзе на вуліцы, каб адсьвяткаваць, ці якім іншым чынам выказаць сваё стаўленьне да таго, 9то адбываецца. Я думаю, гэта проста наш маральны абавязак.

21-га адбудзіцца сэсыя Вярхоўнага Савета. І я думаю, што пэўныя прынцыповыыя пытаньні могуць быць вырашаныя на гэтай сэсыі".

На заканчэньне гутаркі Анатоль Лябедзька паведаміў інфармацыю, якая сёньня прыйшла ад ягоных украінскіх калегаў. Тры фракцыі Вярхоўнае Рады Ўкраіны прынялі сумесную заяву аб тым, што Аляксандар Лукашэнка пасьля 20 ліпеня ня можа лічыцца дэмакратычна абраным прэзыдэнтам. Украінскія дэпутаты, паводле словаў Лябедзьуі, зьвярнуліся да кіраўніцтва свайго парляманту і ўраду з прапановаю зрабіць адпаведныя высновы.

XS
SM
MD
LG