Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 ліпеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя дакладаў аб парушэньні правоў і свабодаў чалавека, падрыхтаваных уплывовай міжнароднай арганізацыяй "Human Right Watch" і Беларускім Гельсынскім камітэтам.

З гэтай нагоды ў Беларусь прыехалі прэзыдэнт "Human Right Watch" Джонатан Фэнтан зь Нью-Ёрку і кіраўнік рэгіянальнага адзьдзяленьня гэтай арганізацыі на краіны СНД МАлкам Хокс.

Тэмай сёлятняга дакладу "Human Right Watch" было парушэньне акадэмічных свабодаў у нашай краіне. Паводле словаў сп.Фэнтана, гэтая галіна чалавечай жыцьцядзейнасьці хаця і не з'яўляецца прадметам пільнай ўвагі праваабаронцаў, тым ня меньш, перасьлед студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ па палітычных матывах — факт даволі паказальны ў агульным кантэксьце наступу беларускіх уладаў на правы чалавека.

Аўтары дакумэнту адзначаюць, што ў апошнія два гады ціск уладаў на вольна думаючых студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх унівэрсытэтаў асабліва ўзмацніўся. Паводле словаў Джонатана Фэнтана, студэнты баяцца быць адлічанымі з ВНУ за адзін толькі ўдзел у апазыцыйнай маніфэстацыі ці за публічнае абурэньне палітыкай беларускіх уладаў.

Ва ўнівэрсытэтах Беларусі пашыраецца палітычны кантроль. На думку прадстаўнікоў "Human Right Watch", улады адмыслова значна абмежавалі выкладаньне ў навучальных установах беларускай мовы. А гісторыя краіны ва ўнівэрсытэтах падаецца ў скажоным выглядзе, паводле праграмаў савецкага ўзору.

Пры поўнай падтрымцы дзяржавы ў беларускіх унівэрсытэтах дзейнічаюць арганізацыі БПСМ, члены якога сочаць за ідэялягічнай чысьцінёй студэнцкага асяродзьдзя.

Гэтыя шматлікія парушэньні акадэмічных правоў на тле агульнага наступу прэзыдэнцкай улады на правы і палітычныя пазыцыі грамадзкіх арганізацыяў, сродкаў масавай інфармацыі, і прывялі да фактычнай міжнароднай ізаляцыі Беларусі. А пасьля 20 ліпеня прывядуць і да страты легітымнасьці Лукашэнкі як прэзыдэнта, лічыць прэзыдэнт "Human Right Watch".

А вось як патлумачыў нашаму радыё думку свайго старэйшага калегі Малкам Хокс:

(Хокс: ) "Міжнародная супольнасьць лічыць, што ў яго больш ня будзе дэмакратычнага прэзыдэнцкага мандату. Але строга афіцыйна гэты факт нас ня тычыцца. Нас цікавяць толькі факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, колькасьць якіх рэзка павялічылася пасьля рэфэрэндуму1996 году. І мы прызнаем, што карані цяперашняга канстытуцыйнага крызісу ў Беларусі — у гэтым рэфэрэндуме".

"Human Right Watch" будзе і надалей пільна сачыць за падзеямі ў нашай краіне, а выпрацаваныя прадстаўнікамі гэтай арганізацыі рэкамэндацыі будуць перададзеныя як беларускім уладам, так і ўрадам ЗША, Расеі, у Раду Эўропы, у АБСЭі ў іншыя міжнародныя арганізацыі.

Прадстаўнікі Беларускага Гельсынскага камітэту ў сваім паўгадавым дакладзе дэталёва выклалі факты парушэньня правоў чалавека ў палітычным, эканамічным, грамадзкім і рэлегійным жыцьці. Але, на думку старшыні БГК Тацьцяны Процькі, найбольш небясьпечнай выглядае праблема так званай інтэграцыі з Расеяй. Бо ўлады ня хочуць усенароднага абмеркаваньня ідэі аб'яднаньня з усходнім суседам.

(Процька: ) "І калі пачнецца сапраўднае абмеркаваньне, будуць чуваць розныя галасы, і мы пабачым шмат праблемаў. Інтэнсыфікацыя гэтага працэсу, на мой погляд, гэта — спроба вырашыць палітычныя праблемы, якія мае адзін чалавек коштам двух народаў".

XS
SM
MD
LG