Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Эўрапейскія палітыкі імкнуцца выкарыстаць апошнія дні перад 20 ліпеням, спрабуючы прывесьці абодва бакі беларускага канстытуцыйнага канфлікту да палітычнага дыялёгу. Сёньня кіраўнік адмысловай групы парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў справах Беларусі Адрыян Сэвэрын сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а ў другой палове дня адбыліся перамовы з прадстаўнікамі "трэцяга сэктару". Як стала вядома, Лукашэнка даў згоду на правядзеньне "круглага стала" паміж уладай і апазыцыяй.

Напярэдадні сустрэчы з прадстаўніком АБСЭ Аляксандр Лукашэнка выклаў свае, даволі жорсткія ўмовы дыялёгу з апазыцыяй і Захадам. Ён чарговы раз заявіў, што ня можа ісьці размовы пра адступленьні ад канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме ў 1996 годзе. Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў дзейнасьць групы Сэвэрына па наладжваньню дыялёгу паміж Беларусьсю і Захадам. Лукашэнка адзначыў, што, дзякуючы намаганьням групы, нават ЗША занялі канструктыўную пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі. І таму зараз, калі Дзярждэпартамэнт і зробіць якія-небудзь заявы з асуджэньнем палітыкі Беларусі, ён, прэзыдэнт, будзе лічыць, што гэта робіцца па інэрцыі.

Лукашэнка заўважыў, што ягоны намер палепшыць адносіны з Захадам не зьяўляецца палітычнай каньюнктурай, зьвязанай з набліжэньнем 20 ліпеня. Ён падкрэсьліў, што правядзеньне датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў раней 2001 г. ня можа зьяўляцца прадметам перамоваў. "Дата 20 ліпеня ў тым сэнсе, як гэта разумее апазыцыя, для нас не існуе" — заявіў Лукашэнка. І дадаў, што апазыцыя на 20 і 21 ліпеня рыхтуе несанкцыяваныя акцыі, каб справакаваць улады на сілавыя дзеяньні. Лукашэнка заявіў: "Калі будуць правакаваць — возьмем адэкватныя меры. Нам хапіла трагедыі на Нямізе".

У сваім слове ў адказ сп.Сэвэрын выказаўся вельмі асьцярожна і дыпляматычна. "Мы прыехалі не ў якасьці інспэктараў ці настаўнікаў, і не дзеля таго, каб зрабіць ціск на Вас", — сказаў ён. Прадстаўнік АБСЭ дадаў, што разумее цяжар адказнасьці, які ляжыць на прэзыдэнце, і што Эўропа зацікаўленая ў тым, каб Беларусь вярнулася ў сям'ю эўрапейсуіх дзяржаваў.

Перамовы Лукашэнкі зь Сэвэрынам доўжыліся дзьве гадзіны замест запланаванай адной.

Пасьля гэтага кіраўнік рабочай групы АБСЭ сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Удзельнікам гэтай сустрэчы быў прэзыдэнт цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Леанід Заіка. Паводле ягоных словаў, Адрыян Сэвэрын паведаміў, што Лукашэнка згадзіўся на правядзеньне "круглага стала" па формуле "3+1": улада, апазыцыя (у тым ліку і Вярхоўны Савет), няўрадавыя арганізацыі і наглядальнік — АБСЭ. За гэтым "круглым сталом" кожны бок будзе мець шэсьць месцаў. Сп. Сэвэрын патлумачыў, што праблема легітымнасьці прэзыдэнта, так званая праблема 20 ліпеня, за "круглым сталом" абмяркоўвацца ня будзе.

Прадметам перамоваў стануць ня толькі правядзеньне вольных парлямэнцкіх выбараў у 2000 годзе, але і больш шырокі комплекс эканамічных і сацыяльных праблемаў.

Дэталі формулы правядзеньня "круглага стала" сп.Сэвэрын будзе ўзгадняць пад час сваіх сустрэчаў у Менску. Заўтра ён правядзе спатканьне з міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым.

XS
SM
MD
LG