Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

На мінулым тыдні ў Менску доступу да Інтэрнэту былі пазбаўленыя адразу каля пяцідзесяці індывідуальных карыстальнікаў, якія раней былі падключаныя да яго паводле адпаведнага праекту.

На першы погляд, гэты факт ня мае дачыненьня да замены кіраўніцтва прадстаўніцтва ААН ў Беларусі. Між тым, ускосную сувязь угледзіць тут можна. Дзеля гэтага трэба вярнуцца на два гады назад, у чэрвень 1997 году.

Тады ўрад Беларусі і ПРААН ( арганізацыя "Праграма разьвіцьця ААН") падпісалі праект "ПРААН-Інтэрнэт". Поўная ягоная назва гучала так: "Узмацненьне нацыянальнай інфармацыйнай і камунікацыйнай інфраструктураў у мэтах узмацненьня дэмакратычных рэформаў, удасканаленьня кіраваньня дзяржавай і разьвіцьця рынкавай эканомікі ў Беларусі".

Паўмільёны даляраў пад гэты праект, запачаткаваны ў Менску яшчэ ў 1995 годзе, вылучыў міжнародны фінансіст Джорж Сорас. Другую палову, хаця і зь цяжкасьцямі і прамаруджваньнем, вылучыла ПРАААН. Што тычыць ролі непасрэдна дзяржавы, ейны фінансавы ўклад у асобе міністэрстваў адукацыі ды эканомікі застаўся вельмі сьціплым, калі не сказаць – намінальным.

Тым ня меньш, у межах праекту ў Беларусі ў першую чаргу апынуліся падключанымі да Інтэрнэту Адміністрацыя прэзыдэнта, Рада Бясьпекі, КГБ, урад ды іншыя афіцыйныя ўстановы.

А што тычыць няўрадавых арганізацыяў, для разьвіцьця якіх быццам бы і ствараўся праект з дапамогай Беларускага Фонду Сораса (БФС), — большасьць зь іх засталіся ня з чым.

Значную ролю тут адыграў факт спыненьня дзейнасьці БФС. Джордж Сорас ня змог паразумецца з палітычным кіраўніцтвам Беларусі, і ў выніку фонд стаў ахвярай падаткавых ворганаў. Судовае разьбіральніцтва паміж былым фондам і падаткавай інспэкцыяй усё яшчэ працягваецца. Але пра шматлікія гуманітарныя праекты давялося забыць. Праўда, многім няўрадавым арганізацыям і незалежным мэдыям удалося знайсьці падтрымку замежных гуманітарных арганізацыяў. У тым ліку ў межах эўрапэйскай праграмы ТАСІС альбо ПРАА. Аднак трэба зазгачыць, што ў Беларусі існуе сыстэма, калі афіцыйныя правайдары, што прадастаўляюць паслугі ўсім карыстальнікам, напрыклад, ЮніБел, БелПак, — маюць выхад у вэб-прастору праз адзіны ствол сувязі. З гэтай прычыны карыстаньне Інтэрнэтам, калі толькі правайдар ня мае непасрэднага выхаду ў Інтэрнэт праз спадарожнік, пераўтвараецца ў сапраўдныя пакуты.

Перадача і прыём інфармацыі адбываецца невекрагодна марудна, а часам сувязь і навогул абрываецца. Аднак у выпадку з індывідуальнымі карыстальнікамі, пра якіх гаварылася напачатку, справа была ня ў тэхнічных праблемах. Проста калі пачала адбывацца зьмена кіраўніцтва ў прадстаўніцтве ААН у Менску, ПРААНаўскія чыноўнікі, ад якіх залежыць разьмеркаваньне сродкаў на функцыянаваньне Інтэрнэт-праекту, вырашылі, што прыйшоў зручны момант для эканоміі грошаў. І тады ад Інтэрнэту, прычым без усялякага папярэджаньня, былі адлучаныя некалькі дзясяткаў карыстальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG