Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў Менск прыбыў прадстаўнік адмысловай групы парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў справе Беларусі Адрыян Севэрын. Падчас ягонага візіту, які працягнецца да 18 ліпеня, адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і апазыцыі. Заўтра сп. Севэрын сустракаецца з прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Мэта місіі – наладзіць дыялёг паміж палітычнымі бакамі дзеля правядзеньня ў 2000 годзе вольных і справядлівых парляманцкіх выбараў. Контуры гэтай новай стратэгіі АБСЭ ў дачыненьні да Беларусі былі абвешчаныя яшчэ ў пачатку гэтага года. Больш дакладна гэты падыход быў агучаны сп.Севэрынам неўзабаве пасьля завяршэньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў у траўні.

Раней АБСЭ проста не прызнавала вынікі канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 года, але зь цягам часу высьветлілася, што а ні гэты рэжым жорсткага непрызнаньня, а ні ня вельмі эфэктыўныя дзеяньні апазыцыі ня могуць прывесьці да пазытыўных зьменаў.

Зараз падыход стаў больш гнуткім: Канстытуцыя 1996 г. ня тое каб прызнаецца, канстытуцыйныя пытаньні ўвогуле адыходзяць на другі плян, падпарадкоўваючыся выкананьню больш тэхнялягічнай мэты – правядзеньню вольных выбараў у парлямант.

У які парлямант – Вярхоўны Савет ці ў "палату прадстаўнікоў"? А вось гэтае пытаньне, як і ўмовы выбараў, павінны стаць прадметам перамоваў улады і апазыцыі.

Варта адзначыць, што пакуль відавочных посьпехаў у рэалізацыі гэтага пляну не назіраецца. Прадстаўнікі ўлады дэманстратыўна праігнаравалі запрашэньне прыехаць у Бухарэст і распачаць дыялёг са сваімі апанэнтамі.

Праўда, апазыцыя ў Бухарэст паехала, і ў размовах з прадстаўнікамі АБСЭ выклала некалькі практычных варыянтаў вырашэньня крызісу.

Хутчэй за ўсё, вынікам адмовы ўладаў распачаць перамовы стала зьяўленьне рэзалюцыі ў справе Беларусі, прынятай парляманцкай асамблеяй АБСЭ у Санкт-Пецярбурзе.

Як паведаміў прадстаўнік дэлегацыі Беларусі на асамблеі АБСЭ Анатоль Лябедзька, 137 сябраў Асамблеі паставілі свае подпісы пад асобнай заявай ў справе Беларусі, у якой, разам з заклікам да вольных выбараў, утрымліваецца і патрабаваньне вызваліць палітвязьняў, і ўзгадка пад сканчэньне 21 ліпеня паўнамоцтваў цяперашняга прэзыдэнта.

Як патлумачыў Лябедзька, адна з прычынаў, паводле якой гэтая заява ня стала афіцыйным дакумэнтам Асамблеі, было жаданьне не перашкаджаць групе Севэрына праводзіць сваю лінію. Сп.Лябедзька дадаў, што нават для афіцыйных перамоваў з Лукашэнкам патрэбна не тактыка ўгаворваньня, а жорсткі ціск. І заяву 137 дэпутатаў можна разглядаць як элемэнт гэтага ціску.

Пад час сэсіі Асамблеі ў Санкт-Пецярбурзе Севэрын правёў перамовы са старшынём "савету рэспублікі" "нацыянальнага сходу" Паўлам Шыпуком. Сп. Сэвэрын перадаў просьбу аб сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Сёньня ў прэсавай службе прэзыдэнта Беларусі мне паведамілі, што заўтра ў першай палове дня Лукашэнка прыме Севэрына.

Гэтыя перамовы наўрад ці будуць лёгкімі. З ліпеня, выступаючы на ўрачыстасьцях, прысьвечаных дню рэспублікі, прэзыдэнт выказаў згоду весьці дыялёг з апазіцыяй, але заявіў, што веснавыыя выбары ў мясцовыя Саветы былі свабоднымі. АБСЭ прытрымліваецца на гэты конт цалкам адваротнай пазыцыі.

Складаецца ўражаньне, што ўлада ўспрымае гнуткасьць АБСЭ як слабасьць, і спадзяецца, што, каб задаволіць Эўропу, дастаткова проста правесьці выбары ў "палату прадстаўнікоў" паводле закона, які сама ўлада пажадае прыняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG