Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 ліпеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомля

Сёньня ў Гомелі ў сваёй кватэры арыштаваны рэктар гомельскага мэдычнага інстытуту, прафэсар Юры Бандажэўскі. Арыштаваны і прарэктар па выхаваўчай працы Уладзімер Раўкоў. Яны зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар.

Кіраўнікі мэдычнага інстытуту абвінавачваюцца ў хабарніцтве. Арышт праводзілі супрацоўнікі рэгіянальнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС. Санкцыянаваў яго абласны пракурор Уладзімір Гаўрыльчык.

Як вядома, зараз у вышэйшых навучальных установах пачынаюцца іспыты. Наколькі зьвязаны арышт кіраўнікоў прэстыжнай навучальнай установы са ўзгаданай падзеяй?

Гэтае пытаньне я паспрабаваў высьветліць ва ўправе па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Начальнік управы Уладзімер Карцаў паведаміў, што сувязь – самая непасрэдная. Ён жа адзначыў, што супрацоўнікамі ўправы дасьледваўся шэраг эпізодаў хабарніцтва і сёлета, і летась. І што беспадстаўна пракуратура санкцыяў на арышт не выдае.

Наколькі ўсё гэта адпавядае рэчаіснасьці – пакажа час і, магчыма, судовае разьбіральніцтва, калі яно будзе навогул.

Скажу толькі, што прафэсар Бандажэўскі прыехаў у наш горад з Гародні восем гадоў таму, каб арганізаваць мэдінстытут. Апроч навучальнай, ён вёў сур'ёзную дасьледчую працу, папсьпяхова абараніў доктарскую дысэртацыю. Ягоныя дасьледваньні зьвязаныя з пранікненьнем у арганізм чалавека малых дозаў радыёнуклідаў.

Высновы прафэсара Бандажэўскага надзвычай адрозьніваліся ад афіцыйных поглядаў на постчарнобыльскую сытуацыю. Ягоную пазыцыю неаднойчы заўзята крытыкавалі дэпутаты прэзыдэнцкага "парламэнту".

Цяпер доктар мэдыцыны знаходзіцца на нарах, дзе навукай займацца праблематычна.

XS
SM
MD
LG