Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Вынікам прэзыдэнцкай кампаніі ў справе перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў ужо стала тое, што ў мінюст па перарэгістрацыю зьвярнуліся толькі 75% ад былой колькасьці арганізацыяў. Сьпіс грамадзкіх арганізацыяў, партыяў і прафсаюзаў, якія дакумэнты ў мінюст не падавалі, будзе надрукаваны заўтра.

Іхняя дзейнасьць, згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам аб перарэгістрацыі, будзе забароненая.

Тым жа арганізацыям, што ў мінюст усё ж зьвярнуліся, прыгатаванае новае выпрабаваньне.

Стутуты арганізацыяў пачалі накіроўвацца на экспэртызу ў дзяржаўныя ўстановы. Гэтае вынаходніцтва зрабіла камісія на чале з віцэ-прэмьерам Уладзімерам Замяталіным. Беларускае заканадаўства гэтай працэдуры не прадугледжвае.

Напрыклад, статут усебаларускага Клюбу выбаршчыкаў накіраваны на экспэртызу ў Цэнтральную выбарчую камісію на чале з Ярмошынай. Як вядома, гэты Клюб зьяўляецца пасьлядоўным крытыкам кіраўніцы афіцыйнага ЦВК. Статут Асацыяцыі маладых палітыкаў накіраваны ў дзяржаўны камітэт ў справах моладзі. Маладыя палітыкі з Асацыяцыі неаднаразова і публічна крытыкавалі кіраўніка дзяржаўнага камітэту Аляксандра Пазьняка якраз за адсутнасьць маладзёвай палітыкі. Статут незалежнага інстытуту сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледваньняў накіраваны на экспэртызу ў Акадэмію навук акадэміку Бабосаву, які лічыць, што ў Беларусі не павінна быць незалежных сацыялягічных установаў.

Ня меньш цікавая гісторыя адбылася з фондам заканадаўчай ініцыятывы. Для рэгістрацыі рэспубліканскай арганізацыі, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, неабходна ўжо ня 10, а 50 чалавек. Але, як паведаміў сябра праўленьня фонду Барыс Узлоскаў,

(Узлоскаў: ) "Мы афіцыйна атрымалі зьвесткі, што на папцы з дакумэнтамі нашага фонду адзначана, што грамадзяне Беларусі валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы ў колькасьці гэтых грамадзянаў ня меньш як 50 000 чалавек. Таму і ў нашым фондзе павінна быць ня меньш як 50 000 чалавек. Гэта — абсурд. Гэта ўсё роўна, як патрабаваць, каб спартовае таварыства "Спартак" складалася з гладыятараў ды рабоў і мела на мэце барацьбу з патрыцыямі".

Нязгоду зь дзеяньнямі камісіі начале з Замяталіным ў справе перарэгістрацыяў грамадзкіх арганізацыяў пачалі выказваць самі чыноўнікі міністэрства юстыцыі, бо ў выніку менавіта яны насуць адказнасьць за гэтыя абсурдныя выпадкі.

Днямі напісаў заяву аб звальненьні намесьнік старшыні Упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў мінюсту сп.Мацьвееў. А кіраўнік гэтага ўпраўленьня Міхаіл Сухінін тэрмінова сыйшоў у адпачынак.

XS
SM
MD
LG