Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

З пачатку ліепеня менская міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Калі абвяшчаецца так званы "рэжым узмацненьня", шэраговым супрацоўнікам міліцыі не тлумачаць прычыны , але яны ведаюць, што ў часе ягонага дзеяньня яны пазбаўленыя ўсіх выхадных і павінны больш пільна сачыць за грамадзкім парадкам.

На пытаньне, ці зьвязаны "рэжым узмацненьня" з 21 ліпеня, супрацоўнікі міліцыі адказаць адмовіліся, спасылаючыся на службовую таямніцу.

На прашпэкце Скарыны і вакол адміністрацыі прэзыдэнта можна зараз бачыць значную колькасьць міліцыянцкіх патрулёў.

Сябры "маладога фронту" Зьміцер Касьпяровіч і Алесь Карцаў ужо адчулі цікавасьць да сваіх асобаў з боку міліцыі. Днямі яны раздавалі ўлёткі з нагоды рок-канцэрту "Моладзь супраць фашызму" ля плошчы Якуба Коласа. Да іх падышоў міліцыянт, які не прадставіўся, і прапанаваў прайсьці ў адзьдзяленьне.

На самой жа справе ён завёў юнакоў у пастарунак, што знаходзіцца ў мэтро. Цікава, што дагэтуль супрацоўнікі лінейнага адзьдзелу Менскага мэтрапалітэну не ўдзельнічалі ў затрыманьні грамадзянаў па-за межамі сваёй тэрыторыі. Магчыма, таму міліцыянты ў пастарунку прадэманстравалі сваю разгубленасьць.

Яны доўгі час раіліся паміж сабою і тэлефанавалі кудысьці, каб даведацца, што рабіць далей. Відаць, інструкцыю затрымліваць людзей з улёткамі яны атрымалі, а вось што далей рабіць – ім не растлумачылі.

Міліцыянты ўважліва прачыталі зьмест улёткі "Моладзь супраць фашызму", даведаліся ў Менгарвыканкаме, што мерапрыемства было дазволенае, і пасьля гэтага пачалі задаваць пытаньні.

Вадзім Карцаў і Зьміцер Касьпяровіч павінны былі больш за гадзіну тлумачыць, што такое фашызм, "што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што моладзь – супраць фашызму?", "А чаму моладзь супраць фашызму?", "А ці ёсьць у нас фашысты?".

Напрыканцы размовы міліцыянты ўрачыста абвясьцілі, што яны таксама супраць фашызму, а што затрымалі хлопцаў, дык – "такі загад".

XS
SM
MD
LG