Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Апазыцыйныя партыі Беларусі маюць намер ўрачыстымі мерапрыемствамі адзначыць заканчэньне 5-гадовага тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведаміў радыё "Свабода" старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч, 20 ліпеня ў 18.00 партыя мае намер наладзіць "народныя гуляньні" ва ўсіх сквэрах сталіцы і іншых гарадох Беларусі. Сэнс гэтых мерапрыемстваў – адзначыць сканчэньне пяцігадовага тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі, і разьвітацца зь ім. Яны будуць праводзіцца пад лёзунгам: "Жадаем прэзыдэнту добрага адпачынку".

На правядзеньне "гуляньняў" пададзеная заяўка ў гарвыканкам, але дазвол пакуль не атрыманы. Кіраўнік АГП заявіў, што 21 ліпеня сябры партыі далучацца да акцыі, якую ладзіць БНФ.

Пра тое, як будзе адзначаць знамянальную дату БНФ, я спытаўся сакратара Управы гэтай партыі Вячаслава Сіўчыка.

(Сіўчык: ) "Увесь беларускі народ рыхтуецца да 21 ліпеня, хто пасіўна, а хто ўжо "гатовы", то і больш актыўна. Таму ў 17 гадзін на плошчы Кастрычніцкай грамада мусяць проста спытаць у прэзыдэнта Лукашэнкі, што ён зрабіў за пяць гадоў свайго кіраваньня для Беларусі. Мусіць адбывацца нейкае народнае сьвята, і яно будзе. Адпаведна, сябры БНФ будуць там".

(Карэспандэнт: ) А ці ёсьць нейкі дазвол уладаў на гэтае мерапрыемства, колькі часу яго будзе цягнуцца, колькі ў і прыкладна можа ўзяць удзел людзей?

(Сіўчык: ) "Справа ў тым, што для сьвятаў дазволу ніякіх ня трэба. Нават пры Лукашэнку. Па-другое, у каго прасіць гэты дазвол, калі Лукашэнка абіраўся толькі на пяць гадоў? Нелягічна было б, разьвітваючыся з Лукашэнкам, прасіць у яго санкцыі на тое, каб ён даў дазвол людзям зь ім разьвітацца. Колькі будзе працягвацца гэтая акцыя – залежыць толькі ад колькасьці людзей, якія прыйдуць. Бо, натуральна, гэтая акцыя мусіць быць такая, як у іншых краінах. Звычайна гэта некалькі дзён пры згубе легітмнасьці тым ці іншым урадам, ці палітычнай асобай. Самае ж галоўнае ў гэтай акцыі – тое, што, у прынцыпе, яе ўсе падтрымліваюць. Гэта ня ёсьць акцыя нейкай партыі ці руха, гэта – сапраўды народная акцыя. Адбыліся папярэднія перамовы з прадстаўнікамі буйнейшых апазыцыйных партыяў. Яны цалкам падтрымалі канцэпцыю нацыянальнага сьвята".

(Карэспандэнт: ) Скажыце, калі ласка, а гэта такое аднаразовае мерапрыемства, ці яно будзе мець нейкі працяг?

(Сіўчык: ) "Мерапрыемства гэтае пры нармальных умовах можа цягнуцца некалькі дзён. Так што тут цяжка адказаць, аднаразовае яно ці не, але ж галоўнае ў гэтай акцыі – падкрэсьліць, што Аляксандар Лукашэнка ня толькі ў замежжы, але і для часткі беларускага народа з 21 ліпеня – нелегітымны прэзыдэнт".

(Дракахруст: ) Сэнс гэтага мерапрыемства – гэта дэманстрацыя, ці яно мае нейкія іншыя мэты?

(Сіўчык: ) "Абсалютна правільна Вы зразумелі, бо Аляксандар Лукашэнка пазбавіў беларускі народ амаль што ўсіх правоў. Мы нават дайшлі да таго, што ў Эўропе з'явілася краіна, дзе народ ня мае права выбіраць уладу. Гэта, навогул, нонсэнс, нейкае сярэднявечча. Лукашэнка праводзіў цалкам антынародную, антыбеларускую палітыку, я ня ведаю, ці 21 ліпеня, але ўсё роўна вельмі хутка ён мусіць пайсьці ў адстаўку».

У фэсьце на Кастрычніцкай плошчы 21 ліпеня возьмуць удзел таксама сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада». Пра гэта заявіў кіраўнік справамі партыі Анатоль Сідарэвіч. Але ён падкрэсьліў, што сацыял-дэмакраты больш увагі надаюць акцыі, прызначанай на 27 ліпеня — гадавіну прыняцьця Вярхоўным Саветам дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі.

Усе арганізатары рыхтуемых акцыяў, прысьвечаных сканчэньню 5-ці гадовага тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі, падкрэсьлівалі іх сьвяточны, неагрэсыўны характар.

Як казаў Карл Маркс – «чалавецтва, усьміхаючыся разьвітваецца са сваім мінулым".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG