Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 12 ліпеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

У цэнтры ўвагі камэнтароў сёньняшняга заходняга друку – студэнцкія дэманстрацыі ў Іране ды іх магчымы ўплыў на разьвіцьцё падзеяў у гэтай краіне. Не сыходзіць з старонак газэтаў і югаслаўская тэматыка – сёньня камэнтатары засяроджваюць увагу на праблемах адбудовы гаспадаркі і гуманітарнай дапамогі.

Некаторыя заходнія аналітыкі ўважаюць, што студэнцкія дэманстрацыі ў Тэгеране ўяўляюць сабою пагрозу палітычнай сыстэме Ірану.

Так, парыская газэта Liberation цьвердзіць у сваім сёньняшнім камэнтары, што «хоць дэманстрацыі і ня здолелі аб'яднаць усё іранскае студэнцтва, якое налічвае амаль паўтара мільёна чалавек, яны выявілі рашучасьць дэманстрантаў. Учора студэнты ўпершыню публічна запатрабавалі, каб найвышэйшы духовы кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі «патлумачыў» дзеяньні падкантрольных яму сілаў бясьпекі. І пагатоў, студэнты выказалі да яго сваю варожасьць, абвінаваціўшы яго ў падтрымцы экстрэмістаў, якія рэгулярна нападаюць на лібэралаў».

Нямецкая газэта Sueddeutsche Zeitung, якая выходзіць у Мюнхене, піша ў рэдакцыйным артыкуле, што «закрыцьцё лібэральнай газэты і новы рэпрэсіўны закон аб друку сталіся непасрэднымі прычынамі цяперашняга канфлікту ў Тэгеране. Аднак глыбейшая прычына палягае ўва ўпартым нежаданьні клерыкальна-кансэрватыўных уладаў адказаць на патрабаваньні рэформаў».

На думку аўтара рэдакцыйнага артыкулу ўжо згаданай парыскай газэты Liberation, студэнцкія дэманстрацыі сьведчаць, што радыкальны іслямізм зайшоў у глухі кут. «Ідучы шляхам іранскай рэвалюцыі, - піша газэта, - радыкальныя ісьлямісты не дамагліся вялікіх посьпехаў, калі не лічыць сумнеўных дасягненьняў талібаў у Афганістане. Аднак рух талібан выглядае нагэтулькі адыёзным, што ім шакаваныя нават тэгеранскія імамы. Цяпершанія гаспадары Кабулу ва ўсялякім разе ня стануць крыніцай натхненьня для іншых хоць колькі істотных рухаў у мусульманскім сьвеце. Такім чынам, у радыкальнага ісьлямізму няма будучыні».

Што да югаслаўскай тэматыкі, дык тут увага заходніх камэнтатараў засяроджваецца на праблемах адбудовы зруйнаванага вайною рэгіёну.

Эканамісты Крыстыян Портман і Роры О Салівэн пішуць у газэце International Herald Tribune, што «для адраджэньня рэгіёну адной толькі рыторыкі будзе замала. Тут будзе патрэбная доўгатэрміновая эканамічная і палітычная дапамога з боку мністраў фінансаў, Усясьветнага Банку ды іншых міжнародных банкавых арганзіацыяў, Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў, Міжнароднага Валютнага Фонду ды іншых групаў. На гэтым тыдні ў Брусэлі мае распачацца працэс стварэньня магутных партнэрскіх коаліцыяў, мэтаю якіх будзе трансфармацыя паўдзённа-ўсходняй Эўропы».

Эканамічныя аглядальнікі International Herald Tribune робяць такую выснову: «Усе гэтыя коаліцыі мусяць перадусім мець на ўвазе дзьве рэчы: па-першае, найлепшы падмурак міру – гэта эканамічная надзея, і па-другое, трэба быць гатовымі да вельмі доўгай і стараннай працы».

Брытанская газэта Financial Times у рэдакцыйным артыкуле цьвердзіць, што міжнародная эканамічная дапамога ня можа разглядацца як лек ад усіх праблемаў, асабліва ў Сэрбіі, дзе прысутнасьць югаслаўскага прэзыдэнта Мілошавіча не дазваляе разгарнуць шырокую праграму рэканструкцыі.

У паведамленьні карэспандэнта Financial Times з Косава гаворыцца пра ўчорашнюю адмову сэрбскіх лідэраў у Косаве супрацоўнічаць з Арганізацыяй Аб'еднаных Нацыяў і кантраляваным ёю міратворчым кантынгентам KFOR. Гэтую пастанову пракамэнтаваў кіраўнік Сэрбскага Руху Супраціву Момчыла Трайкавіч:

ОР071202: «За нашай пастановай стаіць той просты факт, што ўсе дваццаць дзён прысутнасьці KFOR у Косаве працягваўся сыход сэрбаў, злачынствы, гвалтоўныя выгнаньні, рабункі, паленьне дамоў і цэркваў. Усе гэтыя дні мы назіраем сыстэматычныя этнічныя чысткі, прыкладам у Прышціне. Мы ўважаем, што міжнародная супольнасьць мусіць узяць за гэта адказнасьць, асабліва аддзелы KFOR, якія дагэтуль былі няздольныя спыніць трагедыю».

Новае напружаньне ў сытуацыі выклікала зьяўленьне ў Косаве расейскіх міратворцаў, прысутнасьць якіх заахвочвае сэрбаў да супраціву і выклікае адкрытую варожасьць з боку альбанцаў.

Тым часам па ўсёй Сэрбіі шырацца патрабаваньні адстаўкі фэдэральнага прэзыдэнта Мілошавіча. Так, каля 5 тысячаў дэманстрантаў сабраліся ўчора ў паўночнасэрбскім горадзе Кікінда.

У сувязі з хваляй антымілошавіцкіх выступаў Financial Times піша: «Ёсьць і маральныя прычыны, дзеля якіх сэрбы мусяць адхіліць Мілошавіча ад улады і ўсталяваць лібэральную дэмакратыю. Калі Мілошавіч з сваімі паплечнікамі распаліў вайну ў Косаве, гэта ня выклікала істотных пратэстаў у масах сэрбскага насельніцтва. Цяпер сэрбы мусяць прадэманстраваць сваё нэгатыўнае стаўленьне да злачынстваў улады».

XS
SM
MD
LG