Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 ліпеня 1999 г.


У чацьвер латыскія заканадаўцы ўсё ж прынялі абмежавальны закон аб мовах, які ўскладняе сытуацыю для расейскай меншасьці і можа паставіць пад сумнеў шанцы Латвіі ў адкрытым дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам.

Латыскія парлямантары прагаласавалі за новы закон аб мове - 73 "за", 16 "супраць" 8 "ўстрымаліся".Закон аб мовах бароніць латыскую і абмяжоўвае ўжываньне іншых моваў. Закон перадусім закранае інтарэсы латышоў расейскага паходжаньня, якія цяпер складаюць траціну насельніцтва ў балтыйскіх краінах – гэта амаль два з паловаю мільёна чалавек.

Эўрапейская камісія, Рада Эўропы, АБСЭ ўжо прадставілі свае заключэньні па праекце закону. Міністар замежных справаў Даніі Нілс Хэльвэг Пэтэрсан на мінулым тыдні ў Рызе зазначыў, што Латвія адпавядае ўсім крытэрам Эўрапейскага Зьвязу, але Закон аб мове можа стаць перашкодай. У самой Латвіі неадназначна паставіліся да новага закону. Некаторыя адзначылі ягоную лібэральнасьць, некаторыя – неталерантнасьць.

Праблему прадстаўляе галоўны рэдактар латыскага тэлеграфнага агенцтва "Летта" Лато Лапса

(Лато Лапса: ) "Дагэтуль, а закон быў прыняты ўчора - адзіная краіна, якая выразіла востры пратэст – Расея. Учора была заява Міністэрства замежных справаў Расеі, сёньня пытаньне разглядаецца ў расейскім урадзе. Спадар Сьцяпашын выказаўся вельмі катэгарычна. Як і міністар Іваноў. З Эўрапейскіх структураў няма рэакцыі. УЛатвіі працуе даволі вядомы камісар АБСЭ Макс Вандэрстул, які сваю апінію прадставіць у панядзелак, сакратар камісара Эўрапейскага зьвязу Вандэнбрука паведаміў, што зьвесткі пра гэта закон будуць уключаныя ў адмысловай заяве "Аб прагрэсе Латвіі на шляху да Эўрапейскага Зьвязу, але пра танальнасьць інфармацыі невядома. Цяпер пытаньне за новым прэзыдэнтам Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрге прэсавы сакратар якога заявіў, што разгледзіць гэты закон вельмі сур'ёзна. Гэта працэс можа цягнуцца доўга. Заканадаўства Латвіі дастаўляе разглядаць праект закону працяглы час. Левая фракцыя латыскага сэйму ўжо падала пратэст прэзыдэнту з прозьбай паслаць закон у Сэйм для паўторнага разгляду. Ёсьць момант, які вельмі не падабаецца расейскамоўным палітыкам – патрабаваньне ўсе публічныя мерапрыемствы дубляваць на латыскай мове. Дакумэнтацыя прадпрыемстваў таксама павінна весьціся на латыскай мове, але толькі ў тым выпадку, калі дакумэнтацыю трэба прадстаўляць дзяржаўным інстанцыям".

Нам стала вядома, што латыскі прэзыдэнт усё ж не выключае магчымасьці перагляду Закону. Які, напрыклад, прадугледжвае да 2003 году ў расейскамоўных школах частку прадмэтаў выкладаць па-латыску.

Расея даволі жорстка выказалася адносна прынятага ў Латвіі закону аб мовах. Галава думскага камітэту па справах СНД Георгі Ціханаў сказаў, што калі латыскі закон аб дзяржаўнай мове ня будзе адменены, Дзярждума прыме закон аб абмежаваньні гандлю з Латвіяй. Пра гэта ён заявіў, выступаючы на паседжаньні ўраду РФ, дзе разглядаўся праект фэдэральнай праграмы па супрацоўніцтве Расейскай Фэдэрацыі з краінамі СНД і краінамі Балтыі на 1999-2000 гады.

Міністар замежных справаў Расеі Іваноў заўважыў, што эканамічныя санкцыі могуць негатыўна адбіцца й на расейцах. Міністар Іваноў заявіў, штоРасея можа выкарыстоўваць міжнародныя арганізацыі для ціску на Латвію. Зварот у АБСЭ ужо падпісаны. Прэм'ер Сьцяпашын як кіраўнік ураду будзе апэляваць да міжнародных інстанцыяў. Такое не выключаюць і ў самой Латвіі. Апазыцыйныя палітыкі гавораць пра магчымасьць разгляду справы Эўрапейскім судом па правох чалавека. Дэпутаты Сэйму Латвіі, якія галасавалі за праект, таксама разумеюць праблему гэтага закону. Прыкладам дэпутат Карліс Лешкалнс агучыў, што такі закон можа ўскладніць дачыненьні з Эўропай, аднак выказаў упэўненасьць, што любыя непаразуменьні, зьвязаныя з моўным законам будуць разьвязаныя да канца году.

Вольга Караткевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG