Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 ліпеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Матэрыялы па справе Анатоля Сялівончыка накіраваныя з Сьветлагорскай міліцыі ў раённую пракуратуру. Пры гэтым створана спэцыяльная група ў справе расьследваньня інцыдэнту, які адбыўся 30 чэрвеня ў вёсцы Мікалаеўка Сьветлагорскага раёну.

Пра гэта сёньня паведаміў маёр міліцыі Мікалай Глушэц, які ад пачатку займаўся расьследваньнем падзеяў. Ён сказаў: "Справа гэтая набыла неабарачальны характар. Сялівончык з разраду часова затрыманых перайшоў у разгляд арыштаваных. Яму прад'яўленыя абвінавачваньні абвніавачваньні па арт. 186, частка 3 Крымінальнага кодэксу. Гэта – "арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія прывялі да парушэньня грамадзкага парадку".

Маёр Глушэц пры гэтым не выключае, што ў канчатковым выглядзе заключэньне сьледчых можа ўтрымліваць і іншыя абвінавачваньні. Напрыклад – хуліганства з выкарыстаньнем зброі, зьнявага дзяржаўных сымбаляў, супраціў уладаў. Усё будзе залежыць ад матэрыялаў, якія зьбяруць сьледчыя.

Паводле зьвестак сп.Глушаца, ужо сабрана дванаццаць заяваў ад пацярпелых. На цяжкія траўмы ніхто не скардзіцца. Але ёсьць заявы, у якіх ідзе гаворка пра дрэнныя наступствы для здароў'я.

Ці прызнае Сялівончык сабе вінаватым? "Ён то прызнае, то адмаўляецца" – адказаў мне міліцыянт, і, спасылаючыся на занятасьць, паклаў трубку.

Учора з Сялівончыкам у ізалятары ўжо сустрэлася адвакат Вера Страмкоўская, якая будзе яго абараняць пад час сьледства і, магчыма, у судзе. Страмкоўская заяўляе пра шматлікія парушэньні з боку міліцыі. У прыватнасьці, яна ўказвае на тое, што ў групы расейцаў, якія былі разам зь Сялівончыкм, незаконна забралі іхнія рэчы. Прыкладам, відэакамэру і касэты. Расправядае Страмкоўская і пра тое, што ОМОНаўцамі з Бабруйску былі зьбітыя ўдзельнікі паходу, у тым ліку дзеці і дзяўчыны.

Сам Сялівончык на дрэннае абыходжаньне зь ім міліцыі ня скардзіцца, але, паводле словаў адваката, вінаватым сябе ён не прызнае. "Ён ня быў арганізатарам паходу расейскіх падлеткаў і іх выхавацеляў па маршрутах баявой славы ў Беларусі, а толькі спансараваў гэты паход і дапамагаў дамовіцца зь мясцовымі ўладамі, — паведамляе Страмкоўская. На яе думку, мела месца ўхіленьне ўладаў ад выкананьня сваіх абавязкаў. У прыватнассьці, напярэдадні вайсковай гульні ў вёсцы Мікалаеўка кіраўніцтва сельскага савету, якое дало дазвол на гульню, павінна было папярэдзіцьнасельніцтва, але гэтага не зрабіла. "Ва ўсялякім разе, я не бачу ў дзеяньнях Сялівончыка таго, што прадукледжвае артыкул 186, частка 3. Пад час апэрацыі Сялівончык знаходзіўся ў сельсавеце. Ён нікога нікуды не накіроўваў, і нікім не камандаваў. Усёй апэрацыяй кіравалі іншыя асобы – кіраўнікі юнацкай школы "Бэркут" Раман Вышкарцаў ды ягоныя намесьнікі, вэтэраны войнаў у Афганістане ды ў Чачэніі. Але гэтых асобаў нашыя міліцыянты чамусьці адпусьцілі. А ўсю адказнасьць за гэтую і сапраўды вельмі непрыгожую гісторыю зараз ускладаюць на аднаго Сялівончыка" — заяўляе адвакат Страмкоўская.

Удалося сабраць некаторыя зьвесткі пра Анатоля Сялівончыка. Яму 42 гады, ён нарадзіўся ў Сьветлагорскім раёне, скончыў ў Бабруйску тэхнікум і зьехаў у Сібір, у ц.менскую вобласьць. Там ён зрабіў удалую кар'еру бізнэсоўца. Яму належыць закрытае акцыянэрнае таварыства, якое займаецца абслугоўваньнем аўтадарог. Два гады таму Сялівончык прыехаў у Менск на з'езд беларусаў сьвету. І, паводле ўдзельнікаў з'езду, зрабіў сапраўдны фурор. Ён шчодра ахвяраваў грошы на мэцэнацкія праекты, лёгка вырашаў арганізацыйныя праблемы, вылучаўся вельмі актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй і, галоўнае, гатоўнасьцю яе адстойваць.

Праўда, тыя , хто пазнаёміўся зь Сялівончыкам на з'езьдзе, адзначаюць, што яму бракуе адукаванасьці і абыходлівасьці зь людзьмі. Ён лёгка сыходзіцца зь незнаёмымі, але гэтак жа лёгка можа разыйсьціся з тымі, з кім быў знаёмы даўно.

І ўсё ж да інцыдэнту ў Сьветлагорскім раёне на ягоным рахунку было больш станоўчых справаў. Ён вядомы тым, што ахвяраваў грошы на аднаўленьне крыжа Ефрасіньні Полацкай, дапамагаў дзіцячаму дому ў Сургуце, спрыяў кнігадруку на беларускай мове. Якія мэты ці праекты зьвязалі яго з арганізатарамі юнацкай школы "Бэркут" – застаецца пакуль невядомым.

Цікава, што рэакцыі на інцыдэнт з боку расейскай амбасады няма ніякай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG