Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 ліпеня 1999 г.


Сёньня ў праскую рэдакцыю беларускай службы радыё "Свабода" патэлефанаваў былы галоўны рэдактар газэты міністэрства ўнутраных справаў Беларусі "На страже" і паведаміў, што папрасіў палітычнага прытулку ў адной з эўрапейскіх краінаў.

Як паведамляла днямі "Беларуская дзелавая газэта", у міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі распачынаецца буйны скандал. У вышук абвешчаны былы галоўны рэдактар міліцэйскай газэты "На страже" Аляксандар Дацій. Паводле інфармацыі БДГ, падпалкоўніка Дація абвінавачваюць у фінансавых махінацыях. Газета паведамляла, што ягонае месцазнаходжаньне правааахоўчым ворганам Беларусі невядомае.

Сёньня Аляксандар Дацій патэлефанаваў ў праскую рэдакцыю беларускай службы радыё "Свабода".

( Дацій: ) "Я ў чэрвені гэтага году стаў ахвярай з боку беларускіх спэцслужбаў, якія намагаліся, каб я пацьвердзіў афіцыйна, што я як рэдактар недазволеным чынам фінансаваў апазыцыйную дзейнасьць генэрала Юрыя Захаранкі, свайго даўнага сябра, які, як вядома, зьнік у Менску ў пачатку траўня пры таямнічых абставінах. У выпадку адмовы пацьвердзіць гэта мне пагражалі прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці, судом і трывалым пазбаўленьня волі за быццам бы зьдзейсьненыя службовыя карысьлівыя злачынствы. Не ўбачыўшы іншага выйсьця з гэтага становішча, я вымушаны быў пакінуць Беларусь і папрасіць палітычнага прытулку ў адной з дэмакратычных краінаў Эўропы".

Мы будзем знаёміць нашых слухачоў з далейшым разьвіцьцём падзеяў у гэтай справе.

XS
SM
MD
LG