Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Міністэрства юстыцыі прапанавала грамадзкай арганізацыі Беларускі Народны Фронт прыбраць з назвы арганізацыі слова "народны".

Сакратар управы БНФ Анатоль Крыварот паведаміў, што міністэрства юстыцыі прапанавала грамадзкай арганізацыі БНФ унесьці зьмены ў статут арганізацыі. У прыватнасьці, прапанавана прыбраць з назвы арганізацыі слова "народны". Гэта сьведчыць, як лічыць спадар Крыварот, пра тое, што ўлады ўжо пачалі падпарадкоўвацца яшчэ не прынятым папраўкам у закон аб грамадзкіх арганізацыях.

Цікава, што пакуль у мінюсце спасылаюцца на нейкі ліст з Акадэміі навук, у якім гаворыцца, што прыметнік "народны" ня можа выкарыстоўвацца ў назве грамадзкіх арганізацыяў.

Ліст Акадэміі навук не зьяўляецца нарматыўным актам, — лічыць сп.Крыварот, а таму спасылка на яго выглядае дзіўна. Разам з тым сакратар управы БНФ паведаміў, што пра папраўкі ў закон, якія прынятыя ў першым чытаньні прэзыдэнцкай так званай "палатай прадстаўнікоў" у мінюсьце пакуль нічога не гавораць.

Мінюст прапанаваў зьмяніць і палажэньне статуту БНФ, у якім гаворыцца, што гэтая арганізацыя ўяўляе сабой шырокі грамадзкі рух. Сакратар управы БНФ Анатоль Крыварот адмовіўся разглядаць прапановы мінюсту да таго моманту, пакуль статут ня пройдзе так званай экспэртызы камісіі, якую ўзначальвае Замяталін. Крыварот лічыць, што ў гэтай камісіі можа ўзьнікнуць яшчэ шэраг прапановаў да статуту БНФ, і вось тады гэтыя абагуленыя прапановы камісіі і мінюсту і будуць разглядацца ў БНФ,

Заўвагаў да дакумэнтаў, пададзеных ад партыі "Беларускі Народны Фронт", пакуль не было.

Сп. Крыварот лічыць, што перарэгістрацыя – пытаньне юрыдычнае, а не палітычнае.

Намесьніца начальніка ўпраўленьня грамадзкіх арганізацыяў міністэрства юстыцыі Алена Караткова адмовілася пракамэнтаваць нашаму радыё цяжкасьці, якія ўзьніклі ў БНФ з перарэгістрацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG