Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 ліпеня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111

На Беларусі – гарачая лета, якое сымбалізуе сабой надыход цяжкай восені, а магчыма і зімы. Летняя засуха можа спрычыніцца да росту цэнаў на прадукты харчаваньня пазьней, магчыма і да іх паўсюднай нястачы… І тая часовая стабілізацыя, якой так цешуцца ўлады (ужо амаль месяц як затрымаўся рост курсу амэрыканскага даляру, амаль не растуць цэны) – гэта толькі прадвесьне новых цяжкасьцяў. Падобная штучная стабілізацыя можа толькі паглыбіць крызісныя працэсы ў амаль што нерэфармаванай беларускай гаспадарцы. І наўрад ці спраўдзіцца спадзяваньне беларускага прэзыдэнта і беларускіх уладаў з дапамогай расейска-беларускага інтэграцыйнага працэсу патапіць свае ўласныя складаныя праблемы ў расейскім моры бязладу, паўсюднай карупцыі і эканамічнай неэфектыўнасьці.

Вось чаму галоўная тэма лістоў, якія мы ў беларускай рэдакцыі радыё "Свабода" атрымалі апошнім часам, - гэта трывога, неспакой за лёс бацькаўшчыны.

Алег Марціновіч з Берасьцейшчаны піша: " Перад Беларусьсю сёньня ёсць вельмі рэальная пэрспэктыва – стацца на бліжэйшыя 20 – 30 гадоў вольнадалучаным суб'ектам пры Расейскай Фэдэрацыі, накшталт Пуэрта-Рыка пры Злучаных Шатах Амэрыкі, дзе жыцьцё будзе адбывацца паводле ненайлепшых прыкладаў суб'ектаў Расеі з чырвона-карычневых. І таму Лукашэнка, постлукашэнка і Ваня-медведзь з Ціценковым маюць нядрэнны шанец яшчэ царстваваць 20 -–30 гадоў у варунках сьнега-сугробнай Паўднёвай Амэрыкі ад Бярэсьця да Уладзівастоку".

Алег Марціновіч лічыць, што толькі пабудова сапраўднай, незалежнай беларускай дзяржавы з апорай на ўласныя сілы паводле найлепшых эўрапэйскіх традыцыяў, такіх як чэскі, польскі, ці прыбалтыцкі шлях, можа спрыяць пераўтварэньню беларускага краю ў цывілізаваную, квітнеючую эўрапейскую дзяржаву, якую будуць шанаваць ня толькі яе суседзі, але і ўвесь сьвет. Калі ж пры ўладзе застанецца прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, Беларусь, на думку Алега Марціновіча, чакая наступная пэрспэктыва: " З часам рэжым Лукашэнкі пачне разкладацца паводле мадэлі брэжнеўшчыны ў СССР, калі хцівая да рынку і ўласнасьці наменклатура адбярэ ў збанкрутаванага Лукашэнкі ўладу. Аднак, гэта ні ў якім разе не азначае, што ў Беларусі народзяцца перадумовы да мадэлі Чэхіі-сёньня, Фінляндыі-сёньня, ды нараджэньня ў беларусаў нацыянал-пасыянарнага патрыятызму, як у літоўцаў, ці палякаў. Беларусь у гэтым выпадку можа быць бананавым Краснадарскім, ці Прыморскім краем, паводле мадэлі сёньняшняй Расейскай Фэдэрацыі".

З Даўгаўпілса прыйшоў да нас ліст ад латышскага беларуса Шапавалава. Спадар Шапавалаў таксама вельмі занепакоены перспэктывай зьнікненьня незалежнай Беларусі з палітычнай карты Эўропы. І адну з галоўных прычынаў падобнага стану ён бачыць у адсутнасьці аддзінства сярод беларускай апазыцыі. Ён піша: "Процідзеяньне з боку апазыцыі нязначнае, і гэта дае магчымасць дыктатару аднаго за адным знішчаць на сваім шляху сваіх апанентаў – сьвядомых, перадавых беларусаў… Лідары апазыцыйных партыяў не ў стане зразумець, што іх чакае, калі яны па-страўсінаму схаваюць галаву ў пясок, яны зьнікнуць, як зьнік Юры Захаранка, таму што ніякіх мераў у абарону і ў адказ за гэтае зьнікненьне не прынята. Апазыцыя падзеленая, яна не каардынуе сваіх плянаў, і таму яна церпіць паразы і асуджае сябе на сьмерць. Дыктатарскі рэжым будзе недоўгавечны, калі патрыёты здолеюць своечасова мабілізавацца і адкажуць тым жа, а нават і большым".

З Канады нашая рэдакцыя атрымала чарговы камунікат Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады. Ягоная старшыня Раіса Жук-Грышкевіч зьбіралася ў Менск дзеля ўдзелу ў працы форуму, арганізаванага Фондам Еўфрасіньні Плацкай на тэму "Жанчына, плянэта, будучыня". Зьбіраецца там яна выступіць з вялікай прамовай на тэму будучыні Беларусі. Частку яе яна змясціла на старонках чарговага нумару камунікату. Паслухайце ўрывак з яе: " Трэба прызадумацца і зрабіць выбар. Просты выбар: ці пачынаючы ад сёньня я буду гаварыць да сваіх дзяцей, да сваёй сям'і на роднай беларускай мове і ўзгадоўваць іх на карысных прадстаўнікоў беларускага народу, ці буду гаварыць да іх на чужой мове і гэтым выхоўваць у іх нацыянальны нігілізм, рабства, ды крый Божа, манкуртызм? Слова "манкурт" страшнае, абразлівае. Калі той злачынца, што зрабіў з чалавека манкурта, кажа яму:"Забі сваю матку", манкурт ня думаючы, заб'е родную матку. А тыя беларусы, што вясной 1995 году ў рэфэрэндуме галасавалі супроць "Пагоні" і бел-чырвона-белага сьцягу, галасавалі за тое, каб надаць расейскай мове дзяржаўны статус у Рэспубліцы Беларусь, што ў практыцы, як бачым, значыць галасавалі за зьнішчэньне беларускай мовы і ўсяго беларускага. Як вы тых беларусаў назавеце?"

Беларусі яшчэ вельмі далёка да сапраўднай дзяржавы права, дзе натуральна пануе законнасць. Падобная думка выказваецца ў шматлікіх лістах нашых радыёлухачоў. Некаторыя з іх просяць прыйсьці на дапамогу. Так, нарыклад, не можа знайсьці справядлівасці ў беларускай дзяржаве Анатоль Міхлюк з Высокага, Брэсцкай вобласьці. У выніку нешчаслівага выпадку ён цалкам страціў працаздольнасць, а мясцовыя ўлады ніяк не хочуць прызнаць яму правы інваліда.

Скардзіцца на несправядлівы прысуд Гарадзенскага абласнога суду і Уладзімір Тупіліс з Воранава.
На жаль, адсюль, з Прагі, мы можам дапамагчы ўсім пакрыўджаным толькі добрай парадаю. Калі ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі адмовілі вам, вы можаце звярнуцца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека ў Страсбургу. Але тут без дапамогі дасведчанага адваката, які, дарэчы, павінен добра валодаць ангельскай мовай, вам не абысьціся. Папярэджваю, што разгляды справаў у Эўрапейскім суддзе могуць працягвацца даволі доўга, акрамя таго, пастановы гэтага суду маюць для беларускіх уладаў пакуль што толькі кансультатыўны характар і выконваць іх яны не абавязаныя.

На ўсялякі выпадак падаю адрас Міжнароднага суду правоў чалавека:

European Court of Justice
IPI II 224
F – 67006 Strassbourg
France

І на заканчэньне гэтага агляду лістоў нашых радыёслухачоў я дзякую за цёплыя словы ў наш адрас Феакцісту Фядотаву, які падрабязна апісаў, як сьветкавала беларуская моладзь Купальле. Ён піша: " Атрымалася сапраўднае сьвята: з вогнішчамі ад жывога агня, купаньнем па старажытнаму хрысьціянскаму абраду, з духмяным крупняком, сьпевамі, гульнямі. Вельмі прыемна, што ў адрозьненьні ад савецкіх сьвятаў не было гарэлкі, пьяных і драк. А самае прыемнае, што увесь час гучала беларуская мова".

І яшчэ парадавала нас вестка ад Уладзімір Фрэйдзіна з Нарвэгіі. Ён, праўдападобна, першы з беларусаў, які завітаў у гэтую паўночную краіну. Уладзімір прапануе нам супрацоўніцтва. Мы напэўна скантактуемся з Вамі, спадар Фрэйдзін, як і з усімі іншымі, хто піша нам, хто слухае і адгукаецца на нашы перадачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG