Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Падчас абмеркаваньня рэзалюцыі па дакладу пастаяннага камітэту ў справе бясьпекі на сэсіі парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Санкт-Пецярбургу дэпутат Анатоль Лябедзька ўхваліў пункты рэзалюцыі, якія прадугледжваюць адмену прынцыпу поўнага кансэнсусу пры прыняцьці рашэньняў у АБСЭ, а таксама прапанову аб стварэньні групаў па ўсталяваньні дэмакратыі.

Праект рэзалюцыі прадугледжвае, што гэтыя групы маглі б выкарыстоўвацца разам з узброенымі сіламі ў справе падтрыманьня міру, а таксама незалежна ад іх дзеля ўмацаваньня дэмакратычных інстытуцыяў. На думку Лябедзькі, калі б такія групы існавалі ў пачатку 90-х гадоў, дык зараз Беларусь не сутыкалася б з такімі сур'ёзнымі палітычнымі праблемамі.

Дэпутаты абмеркавалі таксама праект рэзалюцыі ў справе правоў чалавека, якая ўтрымлівае заклік да дзяржаваў-удзельніц АБСЭ прывесьці сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з прынцыпамі гэтай арганізацыі, а таксама заканадаўча забясьпечваць умовы для правядзеньня вольных і справядлівых выбараў.

Але найбольш працяглай была дыскусія па рэзалюцыі ў справе Косава. Да праекту было прапанавана 26 паправак, у тым ліку і папраўка, якая падтрымлівае ўвядзеньне санкцыяў супраць дзяржаваў, якія прадаставяць палітычны прытулак асобам, асуджаным Міжнародным трыбуналам па Югаславіі.

Нагадаем, што прэзыдэнт Лукашэнка абяцаў даць прытулак у Беларусі Слабадану Мілошавічу, які якраз і быў асуджаны міжнародным трыбуналам.

Хаця сёньня адбылося толькі абмеркаваньне рэзвлюцыяў ды паправак да іх. Канчатковае галасаваньне адбудзецца пасьлязаўтра.

Косаўская праблема стала камэртонам усёй сэсіі. Ейную актуальнасьць пацьвердзілі і бягучыя падзеі. У аўторак, выступаючы на сэсіі, дзеючы старшыня АБСЭ Кнут Волебэк паведаміў аб намеры наведаць Падгорыцу – сталіцу Чарнагорыі. Аднак бялградзкія ўлады забаранілі сп. Волебэку прыехаць у гэтую югаслаўскую рэспубліку.

Старшыня парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Хэллі Дайн заявіла ў сувязі з гэтым, што ўрад Югаславіі не зрабіў аніякіх высноваў з падзеяў апошніх месяцаў, і працягвае курс на канфрантацыю, які ўсё больш аддаляе яго ад астатняга сьвету. Спадарыня Дайн заклікала Бялград наведаць Чарнагорыю.

Сёньня з раніцы Таўрыцкі палац, дзе праходзіць паседжаньне сэсіі, пікетавалі каля 100 расейскіх курдаў. Яны трымалі плякаты: "Далоў турэцкі фашызм!", "Свабоду Аджалану!", "Свабоду Курдыстану!".

Дарэчы, выступаючы на сэсіі, прадстаўнік Кіпру, маючы на ўвазе Турцыю, запрапанаваў выключаць з АБСЭ дзяржавы, якія парушаюць правы чалавека.

Пад час сэсіі адбылося наладжваньне кантактаў на парлямэнцкім узроўні паміж Расеяй і НАТО. Учора адбылася сустрэча сьпікера Дзярждумы Селязьнёва з кіраўніком парлямэнцкай асамблеі НАТО. Бакі дамовіліся, што ў пачатку восені дэлегацыя Дзярждумы Расеі наведае асамблею НАТА.

Чакаецца, што абмеркаваньне рэзалюцыя ў справе Беларусі адбудзецца заўтра.

XS
SM
MD
LG