Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў шпіталях Менску знаходзяцца чатырнаццаць пацярпелых пад час катастрофы на Нямізе. Адна дзяўчынка – у надзвычай цяжкім стане. Пад час сёняшняга жалобнага мерапрыемства на месцы трагедыі прэзыдэнт Лукашэнка слова не сказаў пра вынікі расьследваньня, якое вядзе афіцыйная камісія. Між тым грамадзкая камісія зрабіла пэўныя высновы.

Вынікаў расьледваньня няма. Такім чынам, для ўладаў застаецца ў сіле ранейшая вэрсія, згодна з ягой вінаватых у трагедыі няма.

Адрозныя ад афіцыйных зьвесткаў факты зздолела сабраць грамадзкая камісія, працу якой каардынуе выканаўца абавязкаў старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) "Сабраныя зьвесткі супрацоўнікаў, якія ведаюць, якія інструкцыі парушаныя былі міліцыянэрамі, сабраныя зьвесткі ад непаўналетніх, якім давалі бясплатнае піва. З дактароў фактычна узятая падпіска аб неразгалошваньні зьвестак пра гэтую трагедыю, але ёсьць ускосныя дадзеныя, што ахвяраў было больш. Таму што яшчэ праз два тыдні пасьля падзеяў паступалі ў моргі целі з падобнымі раненьнямі, якія маглі ўзьнікнуць у той самай даўцы. І мы пакуль удакладняем гэтую інфармацыю".

(Карэспандэнт: ) Скажыце, а пра якую колькасьць можа весьціся гаворка?

(Баршчэўскі: ) "Тое, што нам вядома, гэта некалькі чалавек. Па іншых ускосных дадзеных, гэта магло быць чалавек на трыццаць болей. У нас няма сьледчага апарату, які мог бы рабіць сьледчыя дзеяньні. Мы фіксуем тое, што людзі дабраахвотна гатовыя сказаць. Шмат хто баіцца".

(Карэспандэнт: ) Афіцыйныя ўлады па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што ў гэтай трагедыі няма вінаватых. Скажыце, ці ўдалося вашай камісіі выявіць канкрэтных людзей, якія нясуць пэрсанальную адказнасьць?

(Баршчэўскі: ) "Намесьнік старшыні гарвыканкаму Гурын, які даў дазвол на правядзеньне гэтага мерапрыемства ў абыход існуючых нормаў, і кіраўніцтва менскага ўпраўленьня ўнутраных справаў, і тыя арганізатары акцыі – спадар Шульман яе ўзначальвае. Кожны нясе сваю долю віны".

Вынікі працы грамадзкай камісіі, як паведаміў Лявон Баршчэўскі, будуць выдадзеныя асобнай кніжкай аб'ёмам 400 старонак. Але кніжка гэтая пабачыць сьвет толькі пасьля абнародваньня вынікаў працы афіцыйнай камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG