Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Кампутарны аналітык Рэй Кужвэйл сцвярджае, што на працягу наступных 30 гадоў кампутары прагрэсуюць да такой ступені, што іхні інтэлект ня будзе адрозьнівацца ад розуму чалавека. Ён лічыць, што машыны будучыні будуць мець усе чалавечыя атрыбуты: індывідуальнасьць, эмоцыі, гумар, любоў да прыгожага, здольнасьць выяўляць радасьць і маркоту.

Спадар Кужвэйл (Ray Kurzweil) тлумачыць тэорыі канвергенцыі людзкога і штучнага інтэлекту ў сваёй новай кнізе: "Эра духоўных машын" ("The Age of Spiritual Machines"). Паводле ягоных словаў, сьмяротнасьць стане старамоднай канцэпцыяй. Мы будзем здольныя сканаваць наш розум, і загружаць яго ў машыны. Машыны 2029 году запатрабуюць, каб мы далі ім сьвядомасьць, і людзям будзе немагчыма адхіліць гэтую просьбу. Разумныя машыны, пазбаўленыя нейкіх сваіх матэрыяльных частак, вельмі хутка дастануць дэпрэсію, таму яны будуць жадаць і прасіць дзеля сябе віртуальныя целы. Калі мы будзем ігнараваць іх надта доўга, кампутар скажа: мне самотна.

Усе гэтыя ідэі было б лёгка адхіліць як шалёныя фантазіі, калі б спадар Кужвэйл ня меў такога саліднага сьледу ў навуцы. Пасьля заканчэньня Масачучацкага тэхналягічнага Інстытуту, ён пабудаваў першую сістэму пазнаваньня для чытаньня тэкстаў , потым стварыў механізм, які можа чытаць друкаваныя дакумэнты для сьляпых людзей, потым разам са сваім сябрам вядомым сьпяваком Стыві Уандэрам вынайшаў першы кампутарны сістэзатар, які можа цалкам аднаўляць гукі аркестровых інструментаў.

Кужвэйл стаў заможным, прадаючы свае вынаходніцтвы кампаніям, якія ўводзілі іх у масавую вытворчасьць. Так што калі такі чалавек кажа вам, як будзе выглядаць будучыня, да ягоных словаў варта прыслухацца. Сутнасьць меркаваньняў Кужвэйла у тым, што тэхналягічная рэвалюцыя толькі пачалася. Магутнасьць кампутараў падвойваецца кожныя 12 месяцаў. У 2029 годзе тысячадаляравы кампутар (паводле сёняшніх коштаў) будзе мець здольнасьць тысячы чалавечых інтэлектаў. Паводле Курвэйла, разумныя машыны будучыні будуць самостойна назапашваць веды і патрабаваць даць ім поўную сьвядомасьць.

Існуюць два падыходы да функцыянаваньня кампутарнай сістэмы. Першы прадугледжвае, што сістэмы штучнага інтэлекту грунтуюцца на загадзя вызначаных правілах. Гэта традыцыйнае "дрэва рашэньняў", дзе кампутары запраграмаваныя адказваць "так-не". Прыклад – АйБіЭмоўскі шахматны кампутар Deep Blue, які перамог Гары Каспарава ў 1997 годзе. Кампутар ацэньвае вялізнае дрэва магчымых крокаў і антыкрокаў – разглядае за секунду 300 мільёнаў патэнцыяльных пазыцыяў на дошцы і прыходзіць да лепшага хода.

Такі тып машыннага інтэлекту прыгодны для некаторых мэтаў, кажа Кужвэйл, але ён велькі крохкі. Кужвэйл прапаноўвае альтэрнатыву, якую ён назваў "нейтральная сетка". Тут кампутар навучаны сам распазнаваць прыклады і няспынна разьвівае сваю уласную базу ведаў. Гэта якраз той спосаб, якім працуе мозг чалавека. Думкі прыходзяць у нашую галаву даволі спантана, як мелёдыя зьяўляецца ў кампазытара. Мы лічым штосьці праўдзівым альбо прыгожым, бо гэта супадае з узорам, якія знаходзяцца ў нашай галаве, а не таму, што мы правяралі гэта меркаваньне мільён разоў.

У гэтай сувязі, піша карэспандэнт "Washington Post", я спытаўся аўтара: "Ці будуць гэтыя думаючыя машыны будучыні кансерватарамі альбо лібераламі? І калі ты распавядзеш ім показку ( анекдот), ці будуць яны сьмяяцца?"

Кужвэйл на гэта адказвае, што было б сьмешна называць адзін тып штучнага інтэлекту кансэрватыўным, а другі ліберальным, паколькі кампутары будучыні будуць мець такую ж абшырную колькасьць меркаваньняў і пунктаў гледжаньня, як і людзі.

Але самаарганізаваны кампутар новага тыпу "нейтральнай сеткі" будзе мець шэраг моцных перавагаў. "Ён будзе больш гнуткім, больш здольным прыходзіць да нечаканых вынікаў, больш адаптаваным да асяродьдзя". – кажа Рэй Кужвэйл, аўтар кнігі "Эра духоўных машын".

"І напэўна, больш забаўным" – дадае журналіст "Washington Post".

XS
SM
MD
LG