Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Экспэрты АБСЭ зрабілі аналіз праекту Выбарчага кодэксу, паводле якога ў Беларусі павінны праводзіцца ўсе выбары – ад мясцовых да прэзыдэнцкіх.

"Пры адсутнасьці выпраўленьняў мы будзем вымушаныя заявіць, што Выбарчы кодэкс не падыходзіць да выбараў, якія б забясьпечылі дэмакратычную легітымнасьць любой абранай асобе альбо воргану".

Гэтыя словы, вылучаныя чорным шрыфтам, выказваюць галоўны сэнс усяго дакумэнту. Гэта – адмысловая даведка-аналіз да праекту Выбарчага кодэксу, падрыхтаваны экспэртамі АБСЭ.

Яны адзначаюць, што ў падмурак выбарчага кодэксу пакладзены Закон "Аб выбарах дэпутатаў ў мясцовыя саветы", да якога экспэрты АБСЭ ужо рабілі свой нэгатыўны камэнтар. Як адзначаецца ў новым камэнтары, "ніякіх істотных зьменаў за гэты час зроблена не было".

Асноўныя заўвагі ў новай даведцы тычацца занадта вялікіх паўнамоцтваў, якія маюць выканаўчыя ворганы самаабвешчанай вэртыкальнай сыстэмы. Такіх заўвагаў аж пятнаццаць.

Першая, напрыклад, тая, што Цэнтральная выбарчая камісія складаецца толькі з функцыянэраў сыстэмы ЦВК. Такім чынам, гэтая камісія мае выканаўчую ўладу над усім выбарчым працэсам. Заўвага пад нумарам сем сьведчыць, што датэрміновае галасаваньне магчымае на працягу пяцёх дзён. У дадатак да гэтага перасоўныя скрынкі для галасаваньня могуць быць прынесеныя да выбаршчыкаў. Такім чынам, назіраньне за дадзеным відам галасаваньня немагчыма.

Восьмы пункт сьведчыць пра наступнае. Калі пры праверцы подпісаў высьветліцца, што ўсяго 1% іх сфальсыфікаваны, дык усе подпісы лічацца несапраўднымі. Гэта азначае, што кандадат у дэпутаты парлямэнту альбо кандыдат у прэзыдэнты можа быць зьняты з выбарчай гонкі ўсяго з-за 1% несапраўдных подпісаў.

У параграфе нумар дзевяць адзначаецца, што такая практыка прыймальная і для рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Атрымліваецца, што з-за 4 тысячаў подпісаў, якія прызнаюцца несапраўднымі, зьнішчаюцца амаль паўмільёны подпісаў. А гэта азначае, што "толькі прэзыдэнт можа практычна прызначыць рэфэрэндум, і болей ніхто, акрамя яго".

У даведцы адзначаецца, што камэнтары экспэртаў АБСЭ да закону аб выбарах у мясцовыя саветы застаюцца ў сіле і цяпер.

Спэцыялісты выказваюць восем пажаданьняў да Выбарчага кодэксу. Прапануецца дзеля таго, каб пазьбегнуць бясконцага паўтарэньня выбараў, зьнізіць парог яўкі выбаршчыкаў да 25%. Калі ж зьмяненьня ня будзе – застаецца паўтараць выбарчы марафон.

А галоўная выснова экспэртаў АБСЭ – Выбарчы кодэкс не падыходзіць да выбараў, якія б забясьпечылі дэмакратычную легітымнасьць любой абранай асобе альбо воргану.

XS
SM
MD
LG