Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Сёньня ў Маскве адбылося паседжаньне Выканкаму Саюзу Беларусі і Расеі з удзелам прэмьераў Сяргея Лінга і Сяргея Сьцяпашына. Расейскі прэм'ер прапанаваў адмяніць мытныя зборы з аўтаперавозьнікаў і загадаў у месячны тэрмін распрацаваць адзіны расейска-беларускі рубель.

На разгляд Выканкаму быў вынесены пакет дакумэнтаў, датычных выкананьня рашэньняў, прынятых Вышэйшым Саветам Саюза Беларусі і Расеі - пытаньні аб рэалізацыі палажэньняў Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб роўных правох грамадзянаў, аб роўных правоў для суб'ектаў гаспадараньня, аб раэлізацыі захадаў па паэтапным увядзеньні адзінай валюты і фармаваньні саюзнага эмісійнага цэнтру. Стала вядома, што разглядалася магчымасьць стварэньня акцыянэрнага банка "Інвэстыцыйны банк Саюзу". Прэм'ер-міністар Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Сьцяпашын вырашэньне разгляданых на паседжаньні выканкаму пытаньняў назваў неабходным, каб – цытую – увайсьці ў 21 стагодзьдзе адной саюзнай дзяржавай. Расейскі прэм'ер прапанаваў адмяніць мытныя зборы з аўтаперавозьнікаў і загадаў у месячны тэрмін распрацаваць адзіны расейска-беларускі рубель. І нат прыгразіў пракуратурай тым чыноўнікам, якія марудзяць інтэграцыю. Паводле словаў Сьцяпашына, што, калі б не некаторыя дэталі аб'яднаньня, якія варта было б дапрацаваць і атрымаць на іх адабрэньне расейскага прэзыдэнта Ельцына, саюз можна было б утварыць ужо да восені. Старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Пётар Пракаповіч заявіў, што Беларусь была б гатовая да функцыянаваньня расейскага рубля як адзінай валютнай адзінкі ў выпадку, калі дзяржавы аб'яднаюцца.

Уздымалася ў Маскве і пытаньне запазычанасьці беларускага боку за пастаўляны з Расеі газ. Для ўдзелу ў паседжаньні выканкама Саюзу Беларусі і Расеі адправілася дэлегацыя канцэрна "Белтрансгаз" на чале з прэзыдэнтам канцэрну Пятром Петухам. Праблема беларускай запазычанасьці ўжо паўставала вясной гэтага году. Цяна на газ была зьніжаная з 50 да 35 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. Быў усталяваны й пералік тавараў, якімі можна гасіць пазыкп. Беларусь вінаватая "Газпраму" 260 мільёнаў даляраў ЗША.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да намесьніка сташыні Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага.

(Дабравольскі: ) "Мы памятаем, як у 1993 годзе імкнуліся аб'яднаць грашовыя сыстэмы, і чым гэта ўсё скончылася. Гэта магчыма толькі тады, калі будзе адзіны бюджэт, а значыць, будзе адзіны парлямэнт, які будзе яго зацьвярджаць, і адзіны ўрад. І яшчэ умова: гэтыя сумесныя ворганы будуць мець вяршэнства над нацыянальным парлямэнтам, нацыянальным цэнтральным банкам і нацыянальным урадам. Як у Расеі, так і ў Беларусі. А вось у гэта ўжо ня верыцца проста. Ніхто зараз кантролю над сваёй эканомікай не аддасьць, таму што Расея гэтага ніколі ня зробіць, а Беларусь – толькі тады, калі ня будзе Лукашэнкі, а будзе нейкі іншы чалавек, які будзе меньш хацець улады. Бо Лукашэнка тады адразу страціць уладу. І я думаю, што трэба проста памятаць, што было ў 1993 годзе. Усе нашыя беларускія прадпрыемствы чакалі, што ўвядуць расейскі рубель, чакалі, што трэба будзе гандляваць прадукцыяй за расейскія рублі, і таму нічога не прадавалі, стаялі, нічога не выраблялі. Гэта быў страшэнны адмоўны эфэкт для беларускай эканомікі. Думаю, што так будзе і зараз. І тое, што Лукашэнка сказаў пра "капітальную памылку" пяці гадоў у адносінах з Расеяй, што быў "дзікі крэн на Усход", — я думаю, што ён тут прызнаўся, што ён ня маў рацыі ў сваёй палітыцы. Але зараз яму няма куды дзецца, і давядзецца ў гэтыя гульні гуляць. Тое, што яны будуць бяспасьпяховыя, для мяне відавочна".

(Караткевіч: ) Сёньня прэм'ер-міністар Расеі Сьцяпашын зазначыў, што ў прынцыпе пытаньне аб'яднаньня можна было б вырашыць да восені. Але застаюцца некаторыя дэталі, якія трэба абмеркаваць зь Ельцыным. На Вашую думку, якія гэта могуць быць дэталі?

(Дабравольскі: ) "На маю думку, Сьцяпашын ня меў на ўвазе прэтэнзіі Лукашэнкі на расейскую ўладу, таму што гэта – не кампэтэнцыя Сьцяпашына. Напэўна, ён меў на ўвазе ўвядзеньне расейскай валюты, якую хацеў бы ўвесьці Лукашэнка, таму што з апошніх сілаў тут, у Беларусі, трымаецца эканоміка. І відавочна, што няма ніякага выйсьця. На рэфэрэндуме можна прагаласваць і за тое, каб сонца ніколі не ўсходзіла, але гэтага ніколі не адбудзецца. Ёсьць эканамічныя законы і нюансы, якія трэба ведаць. Яшчэ раз прыгадаем Кебіча: людзі, якія ня ведаюць гэтых законаў, прыводзяць да таго, што эканоміка прыходзіць у заняпад».

(Караткевіч: ) Паводле Вас, блеф у чым – у заявах Лукашэнкі пара «новы» вэктар замежнай палітыкі, ці сёняшнія заявы ў Маскве, што новая дзяржава – не за гарамі?

(Дабравольскі: ) «Я думаю, што блеф і там, і там. І што Лукашэнка павернецца да Захаду – чуць даволі дзіўна, бо ён зрабіў усё, каб зь ім пасварыцца. А што Лукашэнка адвернецца ад Расеі – таксама ня верыцца, бо зараз гэта нялёгка зрабіць. Расейскія палітыкі ў выбарчай кампаніі заўсёды будуць чапляцца за «беларускае пытаньне». І адзінае, у чым я бачу небясьпеку – гэтыя ўсе дамовы могуць зрабіць яшчэ горшай нашую эканоміку. Але аб'яднаньне дзяржаваў… Толькі шляхам захопу гэта можа здарыцца, калі ліквідуюцца ўсе ворганы нацыянальнай клады. А цяпер – перадвыбарчыя гульні, і ня больш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG