Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Напярэдадні прыняцьця Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША рашэньня адносна легітымнасьці беларускага прэзыдэнта пасьля 20 ліпеня, у Менск з тыднёвай місіяй сёньня прыляцеў амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард.

Візыт сп.Спэкгарда завяршыцца да 20 ліпеня. Пад час знаходжаньня ў Менску ён правядзе кансультацыі з афіцыйнымі асобамі і апазыцыяй, місіяй АБСЭ ў Менску.

Адказваючы ў аэрапорце на пытаньне нашага радыё, як зьбіраецца афіцыйны Вашынгтон адрэагаваць на тэрмін сканчэньня пяцігадовых паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, сп. Спэкгард заявіў:

(Спэкгард: ) "Часткова мой візыт зьвязаны з тым, што я буду сустракацца з прадстаўнікамі беларускага ўраду, лідэрамі апазыцыйнага руху, а таксама кіраўнікамі місіі АБСЭ. Я зь цікаўнасьцю даведаюся пра тое, як яны разглядаюць сітуацыю ў Беларусі. Таксама я хачу даведацца, ці плянуецца пачатак дыялёгу, які можа завяршыць супрацьстаяньне і наблізіць разьвязаньне канстытуцыйных разнагалосьсяў".

З заявы амбасадара вынікае, што афіцыйны Вашынгтон пакуль не абраў форму рэакцыі на факт завяршэньня тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Разам з тым, амбасадар пацьвердзіў, што заява афіцыйнага Вашынгтона аб непрызнаньні вынікаў беларускага рэфэрэндуму 1996 года і прэзыдэнцкай рэдакцыі Канстытуцыі – застаецца ў сіле.

Ці паўплываюць на пазыцыю ЗША апошнія заявы Лукашэнкі пра жаданьне афіцыйнага Менску рухацца на Захад – пакуль не зразумела.

Дэніэл Спэкгард паведаміў, што Захад чакае ад беларускіх уладаў ня толькі дэклярацыяў, але і канкрэтных крокаў "у кірунку дэмакратызацыі і захаваньня правоў чалавека".

(Спэкгард: ) "Мэта майго прыезду – жаданьне прадэманстраваць, што ЗША вельмі моцна зацікаўленыя ў Беларусі і яе будучыні. Нас вельмі зацікавіла заява прэзыдэнта Лукашэнкі пра тое, што яго цікавіць пераарыентацыя на Захад і больш шчыльныя сувязі з Захадам. ЗША заўсёды былі ўпэўненыя ў тым, што ў інтарэсах самой Беларусі – пашыраць сувязі як з Усходам, так і з Захадам. Вельмі важна не самаізалявацца".

Дарэчы, амбасадар паведаміў, што пад час сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Беларусі ён будзе ставіць пытаньне аб вызваленьні экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра. Зь кім канкрэтна з афіцыйных асобаў будзе сустракацца сп.Спэкгард – пакуль невядома. Ен толькі паведаміў, што сустрэчы адбудуцца з самымі высокімі кіраўнікамі МЗС. Пад час гэтых сустрэчаў будзе абмеркаванае "драздоўскае" пытаньне, з прычыны якога Дэніэл Спэкгард і быў адкліканы ў Вашынгтон "для кансультацыяў".

Амэрыканскі амбасадар паведаміў, што зараз ідзе, як ён сказаў, "прадуктыўная праца з беларускімі ўладамі ў пытаньні кампэнсацыі за амэрыканскую рэзыдэнцыю ў Драздах".

Паводле нашай неафіцыйнай інфармацыі, амэрыканскаму амбасадару прапанаваная рэзыдэнцыя ў Раўбічах. Паводле зноў жа неафіцыйнай інфармацыі, заўтра амэрыканскі амбасадар сустрэнецца з кіраўнікамі беларускіх апазыцыйных партыяў.

XS
SM
MD
LG