Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Сёньня ўвага міжнародных СМІ прыцягнутая пераважна да дзьвюх асноўных тэмаў: перамоваў Расеі і НАТО наконт ролі Расеі ў міратворчых сілах у Косаве, а таксама інда-пакістангскага канфлікту вакол Кашміру.

Сёняшняя нямецкая "Sueddeutsche Zeitung" праводзіць паралелі паміж бясьсільлем Расеі ў Косаве і ейнай жорсткасьцю ў Чачэніі. "Кожны ў Маскве, хто ўсё яшчэ сніць часы славы савецкай звышдзяржавы, павінен цяпер спаць глыбока і спакойна – блякаваньне альянсам НАТО расейскага паветарнага калідору у Косава спыніла гэтыя мары для большасьці расейцаў. Перамовы ў Маскве зноў адкрылі гэты калідор, але толькі толькі пасьля таго, як Расея была пастаўленая на свае месца ў сістэме міжнароднага парадку. Магчыма, менавіта таму новы расейскі прэм'ер Сяргей Сцяпашын ужыў сілу ў Чачэніі, імкнучыся даказаць, што ён можа ўмешвацца прынамсі ў некаторых месцах без атрыманьня адмысловага дазволу".

"Vashington Post" адзначае нарастаньне сур'ёзнага недаверу паміж НАТОўскімі і расейскімі войскамі. Доўгія і напружаныя перамовы, праўда, нарэшце разрадзілі дыпляматычнае процістаяньне, з прычыны якога НАТО блякавала магчымасьць палётаў расейскіх войскаў у Косава. "Апошняя спрэчка вакол расейскіх міратворцаў прадэманстравала новы ўзровень недаверу да Расеі з боку НАТО, а таксама рашучасьць альянсу загадзя удакладніць усе дэталі расейскай ролі ў Косаве і толькі потым дазваляць расейскім войскам прызямляцца ў аэрапорце Прышціны", — зазначае газэта.

Нарвэская "Aftenposten" указвае на некаторыя ўрокі косаўскага крызісу. "Адзін зь іх выключна псіхалягічны – піша газэта. – Мілошавіч даказаў, што далёка не кожны на нашай плянэце падзяляе нашую веру ў дэмакратыю. Калі мы няздольныя зразумець гэта, мы будзем няздольныя даваць адэкватныя адказы на падобныя сытуацыі ў будучым". Іншы ўрок – ваенны, адзначае нарвэскае выданьне. "Чым могуць дапамагчы спадарожнікі высокіх тэхналёгіяў, калі на небе хмары, альбо калі вораг проста прыбраў сваю тэхніку з адкрытых пляцовак? Высокая тэхналёгія наўрад ці можа разглядацца адзіным адказам на выклікі нашага часу" – сцвярджае "Aftenposten".

Наконт інда-пакістанскага канфлікту нямецкая "Sueddeutsche Zeitung" адзначае, што небясьпечная авантура Пакістану мела толькі адзіны матыў: вярнуць кашмірскай праблеме міжнародную ўвагу. Гэта было дасягнута, але даволі бясплённым для Пакістану спосабам. "Пакістан не атрымаў ніякіх выгод ад сваёй дарагой авантуры, якая каштуе сотні жыцьцяў з абодвух бакоў. Індыя ж застаецца у пазыцыі параненага боку, які проста рашуча рэагуе на нясправядлівасць".

У сваім аналізу "New York Times" піша: "Як толькі прэм"ер-міністр Пакістану Наваз Шарыф вярнуўся дадому з Вашынгтону, дзе меў сустрэчу тэт-а-тэт з Прэзідэнтам Клінтанам, Шарыф зразумеў, як цяжка будзе выканаць абяцаньні, дадзеныя амерыканцам наконт вываду войскаў з індыйскай часткі Кашміру і спыненьні агню. Апазыцыйныя партыі востра крытыкавалі Шарыфа за тое, што Пакістан здае цяжка заваяваныя здабыткі ў Кашміры, нічога не атрымаўшы ў адказ. Палітычныя экспэрты задаюцца пытаньнем, ці будзе Шарыф мець палітычную волю настаяць на вывадзе, калі гэта будзе каштаваць яму сутычкай з магутным ваенным эстэблішмэнтам і ісламскімі фундаменталістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG