Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 1999 г.


Марыя Усьціновіч, Бабруйск

Міліцыя затрымала кіраўніка ваннізаванай групоўкі расейскіх падлеткаў, якія пад час "гульні" ўчынілі зьдзек над жыхарамі вёскі Мікалаеўка Сьветлагорскага раёну.

125 маладых людзей – падлеткаў ва ўзросьце ад 12 да 15 гадоў, якіх суправаджалі восемь дарослых, накіроўваліся па "месцах баявой славы". Кіраўнік групы – буйны сургуцкі бізнэсмэн Анатоль Сялівончык.

Маршрут "бэркутаўцаў" быў распрацаваны паводле апэрацыі "Багратыён", што беларускія ўлады знайшлі вельмі неблагой ідэяй. Таму маладыя людзі, апранутыя ў чорную форму, якая нагадвае танкісцкую, хаця і рухаліся самі па сабе, без дакумэнтаў, афіцыйных санкцыяў і прадстаўленьняў мясцовым уладам, сустракалі па ўсім маршруце даволі ветлівы прыём — да таго моманту, пакуль "бэркутаўцы" не распачалі ў вёсцы Мікалаеўка Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці ваеннізаваную гульню "Бліскавіца".

Без аніякага папярэджаньня мясцовага насельніцтва падлеткі ў форме з пнэўмааўтаматамі і пісталетамі заходзілі без дазволу ў сялянскія дамы і клалі людзей на зямлю. А навуліцах пад ногі, у тым ліку і дзецям, кідалі выбуховыя пакэты. Гульня дайшла да таго, што "бэркутаўцы" зьвязалі старшыняў сельскага савету і калгасу.

Як потым высьветлілася, "Бліскавіца" расейскіх падлеткаў скончылася для двух жыхароў Мікалаеўкі, аднаго дарослага і дзіцяці, цялеснымі пашкоджаньнямі.

Праўда, пасьля заканчэньня "гульні" Анатоль Сялівончык усё ж папрасіў прабачэньня ў мясцовых жыхароў за "ўчыненыя нязручнасьці", пасьля чаго "бэркутаўцы" пакінулі гэтыя мясьціны і накіравалася ў Бабруйск.

Хаця сёньня ўлады і міліцыя сьцьвярджаюць, што афіцыйна ніхто не сустракаў гэтых гасьцей, а ўсё ж нейкім чынам расейскія падлеткі і дарослыя разьмясьціліся ў ваенных казармах горада.

І паводзілі сябе ціха, пакуль са Сьветлагорскага раённага адзьдзелу унутраных справаў не прыйшла тэлеграма з апісаньняў падзеяў у вёсцы Мікалаеўка і з просьбай да калегаў затрымаць "бэркутаўцаў" да прыбыцьця апэратыўна-сьледчай групы са Сьветлагорску.

Бабруйскія міліцыянты імкнуліся вырашыць гэтую праблему па-добраму, і праводзілі мірныя гутаркі з "гасьцямі горада", угаворвалі іх застацца да прыезду сьледчых з Гомельскай вобласьці. Тым ня менш, падлеткі адтымалі ад сваіх камандзіраў загад прарвацца гвалтам, аднак гэта ім не ўдалося.

У выніку гэтай гісторыі ўсе байцы расейскай ваеннізаванай групоўкі "Бэркут" былі ў выходныя дні вытаруныя з тэрыторыі Беларусі, за выключэньнем іхняга кіраўніка Анатоля Сялівончыка, які затрыманы супрацоўнікамі міліцыі Сьветлагорскага раёну. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле "хуліганства". Разьбіральніцтва па ёй яшчэ наперадзе. Але сьледчыя сьцьвярджаюць, што ў іхнім распараджэньні знаходзіцца відэазапіс таго, што ўчынілі на тэрыторыі Беларусі расейскія "бэркуты".

XS
SM
MD
LG