Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Таварыству Беларускай Мовы адмоўлена ў перарэгістрацыі нягледзячы на тое, што ўсе дакумэнты былі пераробленыя ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі міністэрства юстыцыі.

На 5 ліпеня міністэрства юстыцыі краіны прызначыла Таварыству Беларускай Мовы час атрыманьня дакумэнтаў пра перарэгістрацыю таварыства. Аднак учора, калі старшыня гэтай самай масавай нацыянальнай грамадзскай арганізацыі Алег Трусаў прыйшоў у міністэрства, то замест пасьведчаньня атрымаў вуснае паведамленьне пра тое, што тэрмін перарэгістрацыі ТБМ адкладзены на няпэўны час.

Такое рашэньне, маўляў, прыняла дзяржаўная камісія пад кіраўніцтвам віцэ-прэмьера ўраду Уладзімера Замяталіна, якая з'яўляецца ў справе перарэгістрацыі адмысловым наглядчыкам над міністэрствам юстыцыі.

Рашэньне камісіі не было нечаканым для старшыні ТБМ, хаця ўсе дакумэнты таварыства прывяло ў адпаведнасьць з заўвагамі чыноўнікаў міністэрства юстыцыі. За месяц некаторыя дакумэнты перарабляліся пад кіраўніцтвам юрыстаў па два, тры, а то і пяць разоў. Паводле словаў сп. Трусава, усе неабходныя паперы былі прыведзеныя ў адпаведнасьць зь цяперашнім заканадаўствам.

Што ж не спадабалася дзяржаўнай камісіі?

(Трусаў: ) "Я з'явіўся ў міністэрства, мне сказалі, што ў камісіі ўзьніклі пытаньні ў справе нашага статуту. Асноўныя мэты дзейнасьці ТБМ – садзейнічаньне забесьпячэньню роднай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы. Гэты пункт вельмі не спадабаўся аднаму зь сяброў прэзыдэнцкай камісіі. Камісія, заявіўшы, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, адклала нашую рэгістрацыю на няпэўны тэрмін і вырашыла накіраваць статут на рэцэнзію ў міністэрства адукацыі. Добра, што не ў пажарнае ўпраўленьне".

Копію рашэньня камісіі чыноўніца міністэрства адмовілася выдаць і нават не паказала, заявіўшы, што ТБМ да 15 ліпеня атрымае афіцыйны адказ.

На пытаньне Трусава, чаму ўзгаданы пункт статуту не выклікаў пярэчаньняў у чыноўнікаў міністэрства юстыцыі, а толькі ў камісіі, чыноўніца адказала, што "камісіі лепей бачна".

На пытаньне спадара Трусава, калі ён тут жа зьніме спрэчны пункт статуту, ці будзе перарэгістраванае таварыства, — чыноўніца адказала, што камісія такога рашэньня не прымала. З падобнае заявы сп. Трусаў робіць наступную выснову:

(Трусаў: ) "Справа – ня ў пункце. А справа ў тым, што некаторым членам камісіі не патрэбная беларуская мова ўвогуле. Сутнасьць гэтай камісіі была – не правяраць адпаведнасьць дакумэнтам законам ці канстытуцыі, а праводзіць палітычную цэнзуру. З чым мы і сутыкнуліся".

На пытаньне "Свабоды", як далей у гэтай сітуацыі ён будзе дзейнічаць, Алег Трусаў адказаў:

(Трусаў: ) "Мы пачакаем гэтай афіцыйнай паперы, мы згодныя ўнесьці тыя зьмены, якія лічым патрэбнымі, каб дамагчыся афіцыйнай рэгістрацыі, ну, а калі гэта ня дасьць выніку – дык ёсьць і суд. Будзем да суду апэляваць, да сусьветнай супольнасьці, да замежных амбасадаў. Таму што калі нам ужо адмаўляюць у праве на мову – за гэтае права людзі змагаюцца да канца, і тут кампрамісу быць ня можа".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG