Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў Таўрыцкім палацы Санкт-Пецярбургу распачалася восьмая штогадовая сэсія парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Дэпутат ад Беларусі Анатоль Лябедзька перадаў старшыні АБСЭ Кнуту Волебэку ліст ад жонкі арыштаванага кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра. У парадку дня сэсіі прадугледжаны разгляд сітуацыі ў Беларусі.

Напачатку сваёй прамовы Волебэк адзначыў пазытыўную ролю, якую адыгрываюць ва ўсталяваньні дэмакратычных каштоўнасьцяў наглядальная група АБСЭ ў Беларусі і місіі ў Малдове і Альбаніі. Ён заўважыў, што некаторыя ўрады ставяцца да місіяў АБСЭ на сваёй тэрыторыі непрыхільна, маўляў, калі АБСЭ тут, значыць, нешта ідзе ня так як трэба. Старшыня АБСЭ лічыць гэты падыход няправільным. Прыезд у краіны групаў АБСЭ павінен стаць нармальнай і звычайнай з'явай.

Але галоўнае месца ў выступе Воллебэка займала праблема Косава, роля АБСЭ ў дэмакратычным адраджэньні гэтага краю. Ён заўважыў, што вайна ў Косаве скончылася, але мір – гэта ня проста адсутнасьць вайны. Менавіта АБСЭ павінна дапамагчы ўсталяваньню ў Косаве дэмакратычных інстытутаў – паліцыі, судоў, мэханізму вольных выбараў. У Косава ўжо накіраваная новая місія АБСЭ ў складзе 700 чалавек на чале з амбасадарам Данам Эвэрдсам. Спадар Воллебэк заклікаў Югаславію не ўхіляцца ад супрацоўніцтва: "Ня мы ізалюем Бялград – ён сам ізалюе сябе, але мы павінны пераадолець гэта" – сказаў старшыня АБСЭ.

Беларусь на восьмай сэсіі парлямэнцкай асамблеі прадстаўлялі дэпутаты Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька і Уладзімер Нісьцюк. "Нацыянальны сход", створаны прэзыдэнтам Лукашэнкам, АБСЭ не прызнае, таму старшыня "савета рэспублікі " Павал Шыпук трапіў на сэсію, так бы мовіць, праз "чорны ход", як прадстаўнік міжпарлямэнцкай асамблеі СНД.

Сёньня адбылася кароткая сустрэча Анатоля Лябедзькі з Кнутам Воллебэкам. Беларускі парлямэнтар перадаў старшыні АБСЭ ліст ад Юліі Чыгір. Беларускае пытаньне будзе разглядацца заўтра на паседжаньні камітэту ў справах дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытвньнях.

У падрыхтаваным праекце рэзалюцыі адзначаная занепакоенасьць сытуацыяй ў Беларусі. Заўважана, што на 2000 год заплянаваныя парлямэнцкія выбары, і што паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 13 скліканьня як дзеючага заканадаўчага воргану сканчаюцца ў будучым годзе.

Праект рэзалюцыі даручае пастаяннай групе парплямэнцкай асамблеі АБСЭ ўзмацніць высілкі ў арганізацыі дыялёгу паміж палітычнымі сіламі ў Беларусі ў справе выбараў. У праекце дакумэнту ўтрымліваецца заклік да беларускага ўраду пагадзіцца на тое, каб працэдура і ход выбараў адпавядалі стандартам АБСЭ, і прадставіць апазыцыйным партыям і палітычным групам час на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні.

Сябра беларускай дэпутацыі Уладзімер Нісьцюк ацэньвае праект рэзалюцыі станоўча, але лічыць яе занадта мяккай. Ён падкрэсьлівае, што паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету сканчаюцца не ў 2000, а напачатку 2001 году. Сп.Нісьцюк лічыць, што ў разалюцыі варта нагадаць, што пасьля 20 ліпеня Аляксандр Лукашэнка перастане быць дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Беларусі.

У сёньняшніх выступах на сэсіі Беларусь узгадвалі рэдка. Але варта адзначыць выступ госьця сэсіі, прэзыдэнта парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы лорда Рассэла Джонсана. Ён з сумам нагадаў, што пасьля таго, як у лістападзе 1997 года быў прыпынены статус Беларусі як спэцыяльна запрошанай пры асамблеі, не адбылося ніякага прагрэсу. Лорд заявіў, што апошнія мясцовыя выбары ў Беларусі не даюць ніякіх падставаў лічыць іх вольнымі і справядлівымі.

Паводле традыцыі, на сэсіі было абвешчана імя ляўрэата прэміі АБСЭ ў галіне журналістыкі і дэмакратыі. Ляўрэатам стала Хрысьціян Аманпур, журналістка CNN, яна ўзнагароджаная за рэпартажы зь Югаславіі. Сп.Аманпур заявіла, што мае намер перадаць гэтую прэмію на разьвіцьцё вольнай журналістыкі ў Косаве.

XS
SM
MD
LG