Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У беларускім грамадзстве працягваюцца спрэчкі наконт палітычных вынікаў альтэрнатыўнай кампаніі ў справе выбараў прэзыдэнта 16 траўня.

Аргумэнтам у гэтых спрэчках могуць быць дадзеныя апошняга агульнанацыянальнага апытаньня НІСПД.

На пытаньне, ці бралі яны ўдзел у выбарах 6 - 16 траўня, ці прыходзілі да іх са скрынямі для галасаваньня, толькі 5 % апытаных адказалі станоўча, і 94% — адмоўна. Нават калі зрабіць папраўку на нежаданьне шчыра адказваць на вострае пытаньне, адрозьненьне ад лічбаў, якія абвясьціў Ганчар, --у некалькі разоў.

Для ацэнкі палітычных наступстваў істотным з'яўляецца ня толькі фактычны ўдзел, але і давер людзей да абвешчаных лічбаў удзелу. Тут карціна таксама не суцяшальная. Віктар Ганчар абвесьціў, што ў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах бралі ўдзел 53 % выбаршчыкаў. Толькі 4 % апытаных лічаць гэтыя дадзеныя сапраўднымі. А больш чвэрці катэгарычна заявілі, што на самой справе яўка была значна меншай.

Такі вынік цяжка назваць посьпехам. Тым ня меньш, як высьветлілася, значная частка насельніцтва (а менавіта 28 %), як і раней, лічыць, што выбары прэзыдэнта ў гэтым годзе праводзіць трэба, бо ў 1994 годзе Лукашэнку абіралі на 5 гадоў.

Цікава, што толькі 18 адсоткаў апытаных выступаюць супраць выбараў, спасылаючыся на рэфэрэндум. Затое чвэрць апытаных гавораць выбарам "не" з прычыны не юрыдычнай. На іхны погляд, лепш за Лукашэнку кандыдата няма.

Прэзыдэнцкая кампанія спрыяла падвышэньню рэйтынгу апазыцыйных палітыкаў. У першую чаргу - удзельнікаў кампаніі. Але - не істотна.

З сакавіка па чэрвень прэзыдэнцкія рэйтынгі Чыгіра і Пазьняка ўзрасьлі амаль удвая, і склалі, адпаведна, 4,9 % і 4,3%. Праўда, за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах гатовыя прагаласаваць 45 % апытаных, гэта значыць - у 10 разоў больш.

Але нават пры такім стаўленьні да апазыцыі беларусы лічаць, што думка апазыцыі павінна быць улічаная. Пад час апытаньня ў людзей высьвятлялі іхнае стаўленьне да перамоў з апазыцыяй. 14 % заявілі, што перамовы непатрэбныя, бо апазыцыя нікога не прадстаўляе. 17 % таксама лічаць перамовы непатрэбнымі, але паводле супрацьлеглай прычыны - яны заявілі, што з уладай, якая парушае законы, трэба не дыялёг весьці, а прымусіць яе выконваць закон. Але 38 % апытаных мяркуюць, што перамовы праводзіць неабходна, і што толькі шляхам перамоваў можна прыйсьці да згоды і ўліку розных інтарэсаў у грамадзстве.

Гэтая беларуская памяркоўнасьць выявілася і ў стаўленьні да баявых дзеяньняў НАТА ў Югаславіі. З аднаго боку, аб адмоўным стаўленьні да гэтай акцыі заявіла пераважная большасьць апытаных - 85%. Але, з другога боку, кожны трэці адказаў, што Беларусь ніякім чынам не павінна мець дачыненьня да гэтага канфлікту. Каля 40% лічылі мэтазгодным абмежавацца аказаньнем гуманітарнай дапамогі, прычым 15 % пры гэтым лічылі, што дапамагчы трэба і сэрбам, і касаварам. Толькі 7 % выказаліся за тое, каб дазволіць ехаць на Балканы беларускім дабраахвотнікам, і 6 % — за пастаўкі Бялграду зброі. Гранічныя пазыцыі - паслаць беларускіх вайскоўцаў на дапамогу сэрбам і НАТА, набралі кожная па 1%. Асьцярожнае стаўленьне выявілася і ў адказах на пытаньне аб далучэньні Югаславіі да беларуска-расейскага саюзу. За гэта выказаліся 17 адсоткаў апытаных, а супраць - амаль палова, 46% . Такім чынам, хаця дзеяньні НАТА большасьці беларусаў і не падабаюцца, мала хто зь іх настроены на глябальнае геапалітычнае супрацьстаяньне з Захадам.

Вайна ў Югаславіі мела ўскосныя наступствы - рост антыамэрыканскіх настроеў у беларускім грамадзстве. Напрыклад, у сакавіку чвэрць апытаных адказалі, што ЗША - узор для Беларусі, а ў чэрвені такую думку выказалі 16 %. Рэзка зьнізіліся і сымпатыі да прэзыдэнта ЗША: з 37% у сакавіку да 17 % у чэрвені. А вось стаўленьне да эўрапэйскіх НАТАўскіх краінаў істотна не зьмянілася. У сакавіку Нямеччыну лічылі ўзорам для Беларусі 37 %, і столькі ж - у чэрвені. Відаць, беларуская грамадзская думка лічыць Амэрыку ня толькі галоўным, але і адзіным ініцыятарам баявой апэрацыі ў Югаславіі. Эўрапейскіх удзельнікаў гэтай апэрацыі беларусы нібыта і не заўважылі.

XS
SM
MD
LG