Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 ліпеня 1999 г.


Алесь Жукоўскі, Віцебск

На заплянаваны страйк прадпрымальнікі Віцебску не пайшлі. Маўляў, навошта губляць нагандляваныя грошы, калі хтосьці недзе ў Менску дамаўляецца ў справе іх праблемаў.

Хоць канкрэтных абяцаньняў, тым больш пісьмовых, на абласным узроўні і няма, але нябыта абласная падаткавая інспэкцыя павінная да 1 верасьня заплюшчваць вочы на адсутнасьць гандлёвых талёнаў. Аблвыканкам, паводле намесьніка старшыні Мікалая Федарчука, ня будзе да таго тэрміну рабіць аніякіх рашучых крокаў, а ўрад, можа быць, штосьці вырашыць, уладкуе праблему з патрэбнай для прадпрымальніцкай дзейнасьці дакумэнтацыяй.

Адным словам - дачакацца восені, а там - "ці шаху ня стане, ці ішак здохне".

У абласным камітэце прафсаюзу прадпрымальнікаў "Садружнасьць" прыкметна расчараваныя індывідуалісцкімі памкненьнямі сваіх сяброў. І, ня вельмі веручы ў пасьпяховы вынік, праводзяць падрыхтоўку да цяжкіх восеньскіх перамоваў. Як кажа інструктар Тамара Юневіч, галоўнае яшчэ наперадзе.

А пакуль што некаторыя функцыянэры з "Садружнасьці" час ад часу прымаюць удзел у штодзённых пікетах , якія ў падтрымку сацыяльна блізкана электарату праводзіць з 23 чэрвеня па 5 ліпеня мясцовая суполка АГП. Яны, гэтыя пікеты, ужо зрабіліся звычайным для горада відовішчам і патроху пекраўтвараюцца ў своеасаблівы гайд-парк якраз насупраць помніку правадыру пралетарыяту, які, паказваючы рукой на групу людзей пад чырвоным канём, нібыта гаворыць нічога ня ведаючым віцяблянам: "Ёсьць такая партыя!" .

XS
SM
MD
LG