Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 ліпеня 1999 г.


Сёньня дробныя прадпрымальнікі Цэнтральнага рынку Гомлі зноў пікетавалі гарвыканкам.

Масавая акцыя пратэсту выкліканая скарачэньнем больш за 700 месцаў у адпаведнасьці з рашэньнем аблвыканкаму аб добраўпарадкаваньні рынку. Учора, пасьля такога ж пікету, чыноўнікі аблвыканкаму проста абавязалі дырэкцыю рынку і аблспажыўсаюз, якому рынак падпарадкаваны, не чапаць гандляроў яшчэ месяц, да 1 жніўня.

Аднак трапіўшыя пад скарачэньне прадпрымальнікі сёньня не аднаўлялі працу, а вырашылі ісьці да гарадзскога "вэртыкальнага" будынку.

Распавядае прадпрымальнік Аляксандр.

(Голас: ) "Рашэньня яшчэ няма. Усё вісіць у паветры. Месцаў няма. На які тыдзень адцягнулі праблему, а пасьля ізноў ОМОНаўцаў прышлюць. Нават сёньня спрабавалі нас дастаць. Выклікалі брыгаду міліцыянтаў".

Між тым, прадпрымальнікі настоялі на сваім, і перадалі асабіста старшыні гарвыканкаму Аляксандру Якабсону, якога ўчора не было ў горадзе, сваё патрабаваньне не скарачаць масава гандлёвыя месцы пад выглядам добраўпарадкаваньня рынку.

Старшыня выканкаму, паводле сьведчаньня "хадака" Генадзя Губанава, заявіў, што ня ў курсе праблемаў гандляроў. Гэта сапраўды дзіўна, паколькі эпапея барацьбы прадпрымальнікаў за вольнае існаваньне, нармалёвыя падаткі і ўмовы працы цягнецца, па сутнасььці, з самага пачатку году. Былі ўжо і да цяперашніх масавых акцыяў і страйкі, і пікетаваньні аблвыканкаму, і лісты.

У такой недасьведчанасьці і жаданьні ўладаў выкінуць дробных прадпрымальнікаў на непрыстасваную пляцоўку каля хімзаводу, што належыць прагарэўшай фірме "Саюзсэрвіс", самі гандляры бачаць пэўную зацікаўленасьць. Вось што раіць журналістам прадпрымальнік, які назваўся "Сяргеем".

(Сяргей: ) "Высьветліце, хто наладжвае сувязі чыноўнікаў зь вялікімі грашыма, дзе ёсьць грошы - там заўсёды кіраўніцтва нашага гораду".

Аднак у гэты самы час, калі яшчэ доўжылася пікетаваньне, кіраўнікі і гораду, і вобласьці былі ўжо ў аб'яднаньні "Гомсельмаш". Там ладзіўся ўрачысты мітынг з нагоды выпуску першай прамысловай партыі збожжаўборачных камбайнаў, прымеркаваны да прэзыдэнцкага сьвята Незалежнасьці. Былі тут і віцэ-прэмьер Валер Кокараў, і міністар прамысловасьці Анатоль Харлап. Так што праблемамі дробных прадпрымальнікаў зноўку не было калі займацца.

Казімір Яноўскі, Гомля

XS
SM
MD
LG