Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Выступаючы на сэсіі парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі, прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што Беларусь перагледзіць сваю зьнешнюю палітыку, ліквідаваўшы "дзікі крэн на ўсход". Лукашэнка абвінаваціў Крэмль ў прамых спробах дэстабілізацыі ягонай улады.

Як ні дзіўна, але галоўным аб'ектам крытыкі ў сваёй прамове прэзыдэнт абраў саюзьніка - Расею. Ён абвінаваціў расейскае кіраўніцтва ў зрыве раней дасягнутых дамоўленасьцяў ў справе інтэграцыі.

Паводле прэзыдэнта, мытныя тарыфы Масква прымае без узгадненьня з Менскам, дамова аб экспартным кантролі не працуе па віне Расеі, расейскі бок зацягвае прыняцьце канцэпцыі аб увядзеньні адзінай валюты. Паводле словаў Лукашэнкі, расея ў аднабаковым парадку аднавіла мяжу зь Беларусьсю.

У тым, што не атрымліваецца стварыць адзіную дзяржаву па беларускай мадэлі, беларускі лідэр таксама абвінаваціў Маскву.Ён паведаміў, што беларускі бок прапаноўваў стварэньне агульнай дзяржавы з моцнымі наднацыянальнымі ворганамі. Але Крэмль адхіліў гэты варыянт. Лукашэнка падкрэсьліў, што лічыў і лічыць найбольш прымальным для саюзнай дзяржавы прэзыдэнцкую форму кіраваньня. Але, па словах прэзыдэнта, расейскі бок з гэтай думкай не пагадзіўся. Была адхіленая нават прапанова часова аддаць пасаду саюзнага кіраўніка прэзыдэнту Расеі.

Прэзыдэнт Беларусі не хаваў крыўды. Ён сказаў, што ягоны сёняшні выступ перад парлямэнцкім сходам апошні. Паводле ягоных словаў, ён забараніў і беларускім чыноўнікам выступаць з новымі інтэграцыйнымі ініцыятывамі. Лукашэнка сказаў: "У кіраўніцтва Расеі ўзьнікла ўражаньне, што мы, беларусы, зьлезьлі з дрэваў, усю кару на вершалінах гэтых дрэў абгрызьлі, лісьце аб'елі, сёньня харчуемся немаведама чым, і мы рвемся, толькі б аб'яднацца з Расеяй. Гэтае ўяўленьне абражае нашую нацыянальную годнасьць".

Скаргі беларускі кіраўнік спалучаў з пагрозамі ў адрас няўдзячнага саюзьніка. Ён заявіў, што калі Беларусь будзе дзейнічаць на падставе міжнародных правілаў у дачыненьні да Расеі, Беларусы здолеюць коштам аднаго толькі транзіту забясьпечыць сябе. Ён таксама паведаміў, што даў загад МЗС тэрмінова палепшыць адносіны з усімі суседзямі і з заходнімі краінамі. "Мы моцна памыліліся, зрабіўшы дзікі перакос на Ўсход" - канстатаваў Лукашэнка, і зьвяртаючыся да расейскіх дэпутатаў дадаў: "Няўжо вы думаеце, што я буду трымаць краіну ў падвешаным стане? Нібыта і Расеі мы сёньня непатрэбныя, і адначасна сапрсавалі адносіны з Захадам".

Лукашэнка абвінаваціў Крэмль і ў прамых спробах дэстабілізацыі ягонай улады. Ён заявіў, што людзі з атачэньня Барыса Ельцына далі паўтары мільёны даляраў на правядзеньне альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 16 траўня. Лукашэнка дадаў, што ў Крамлі распрацоўваецца канцэпцыя, каб не пускаць яго ў Расею.

Прэзыдэнт даволі крытычна ацаніў варыянт аб'яднаньня, прапанаваны расейскім бокам, і выказаў меркаваньне, што ў Расеі ў чарговы раз, як гаворыцца, "захварэюць на інтэграцыю" толькі пасьля думскіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

Лукашэнка лічыць, што, наадварот, выбары ёсьць найбольш прымальная сытуацыя, каб прасунуць інтэграцыю. "Другой такой нагоды болльш ня будзе" - заявіў прэзыдэнт Беларусі на заканчэньні свайго выступу на сэсіі парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі.

З выступу Лукашэнкі можна было зрабіць выснову, што расейскае кіраўніцтва - ці не галоўны ягоны вораг, галоўная перашкода на шляху зьдзяйсьненьня ягоных плянаў. І ад просьбаў і прапановаў ён ужо пераходзіць да пагрозаў у адрас Крамля, які не жадае адчыняць беларускаму прэзыдэнту шлях на Маскву.

А сваіх намераў Лукашэнка ўжо не хавае. Два дні таму ў інтэрвью ОРТ ён заявіў, што жадае паспаборнічаць з Ельцыным за пасаду прэзыдэнта саюзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG