Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 ліпеня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Міністры замежных справаў краінаў вялікай сямёркі і прадстаўнікі яшчэ адзінаццаці дзяржаваў на супольнай нарадзе ў штаб-кватэры ААН сыйшліся на тым, што парадак і законнасьць павінны быць адноўленыя ў Косаве як мага хутчэй. У той жа час застаюцца пакуль нявырашанымі пытаньні, датычныя арганізацыі цывільнай паліцыі, а таксама выдзяленьня грашовых сродкаў на ўвядзеньне ў Косаве адмысловай сыстэмы кіраваньня, якую прапанавала ААН.

На сустрэчы прадстаўнікоў дзяржаваў, якія зьбіраюцца дапамагаць у аднаўленьні Косава, засталася нявырашанай яшчэ адная супярэчнасьць. А менавіта: ці прадстаўляць гуманітарную дапамогу Сэрбіі, пакуль ля ўлады застаецца Слабадан Мілошавіч, якога, як вядома, абвінавачваюць у вайсковых злачынствах.

Міністры пагадзіліся, што неабходна тэрмінова разгарнуць у Косаве адзінкі цывільнай паліцыі ААН, каб спыніць там хвалю забойстваў, рабаўніцтваў і падпалаў. Дзяржсакратар ЗША Мэдлін Олбрайт паведаміла, што Злучаныя Штаты гатовыя даслаць у Косава 450 амэрыканскіх палісмэнаў і яшчэ 100 паліцэйскіх інструктараў. Першыя 150 чалавек могуць прыбыць у Косава яшчэ да 15 ліпеня. Паводле гэнэральнага сакратара ААН Кофі Анана, ён атрымаў абяцаньні ад некалькіх краінаў даслаць каля дзьвюх тысячаў паліцэйскіх - пры тым, што паводле падлікаў ААН, трэба 3110 чалавек.

"Усё залежыць ад краінаў-удзельніцаў. Мы, як сакратарыят ААН, ня маем уласных паліцэйскіх сілаў",-- нагадаў Аннан. Ён таксама заклікаў краіны НАТА і Расею, якія ўдзельнічаюць у міратворчых сілах у Косаве, вядомых пад назовам КейФОР, прысьпешыць разгортваньне абяцаных 50 000 войска. Пакуль што даслана толькі 24 000, і яны вымушаныя выконваць абавязкі паліцыі. Паводле міністра замежных справаў Велікабрытаніі Робіна Кука, тры чвэрці вайскоўцаў сілаў КейФОР занятыя цяпер выкананьнем паліцэйскіх функцыяў і прагнуць вярнуцца да сваёй асноўнай ролі - гарантаў бясьпекі.

У задачу Арганізацыі Аб"еднаных Нацыяў уваходзіць таксама замена ў Косаве судовай і выпраўленчай сыстэмаў. На гэтым тыдні ААН прызначыла першых дзевяць пракурораў і судзьдзяў - сярод іх як сэрбы, так і альбанцы - каб яны разгледзелі справы больш як 200 падазраваных, затрыманых сіламі КейФОР. Заробак судовым работнікам будзе выплочваць ААН - гэтак жа, як і іншым касаварам, якія пойдуць на службу ў новую цывільную адміністрацыю. Пакуль што, праўда, не абнародвана, колькі будзе каштаваць такая адміністрацыя, і на які тэрмін яна прызначаецца. Аннан зьбіраецца прадставіць Гэнэральнай Асамблеі бюджэт да 10 ліпеня. Эўрапейскі Саюз, які будзе дапамагаць у эканамічнай рэканструкцыі, і АБСЭ, у чыю задачу ўваходзіць падрыхтоўка паліцэйскіх сілаў і адбудова палітычных інстытутаў - будуць плаціць кожны паасобку.

Плянуецца, што астатнія выдаткі будуць пакрывацца з адмысловага траставага фонду, закладзенага ААН. Праўда, пакуль толькі Велікабрытанія зрабіла свой унёсак - 1 мільён даляраў. Канкрэтныя мэты гэтага фонду тымчасам не абвешчаныя. Паводле Мэдлін Олбрайт, ЗША выдзяляць на гуманітарную дапамогу больш мільярда даляраў.

Пытаньне гуманітарнай дапамогі выклікала сярод міністраў замежных справаў найбольш дыскусіяў. Расея і Кітай, якія выступалі супраць паветраных налётаў НАТА, уважаюць, што Сэрбію нельга пакінуць сам-насам са сваімі праблемамі. Аннан далучаецца да гэтай думкі. "Без такой дапамогі мы рызыкуем пакінуць рэканструяваную Паўднёвую Эўропу з вялікай дзірой пасярэдзіне ў выглядзе Сэрбіі,"- папярэджвае ён. Гэнэральны сакратар ААН мяркуе, што міжнародная гуманітарная дапамога павінна перадусім
сканцэнтравацца на адбудове сыстэмы водазабесьпячэньня і электрычнасьці, зруйнаваных пры бомбавых налётах. "На маю думку, бяссэнсавым будзе накіроўваць у Югаславію грузы мэдыкамэнтаў пры тым, што людзі будуць піць забруджаную ваду і хварэць зноў і зноў," - кажа Аннан. Аднак, на думку Мэдлін Олбрайт, гуманітарная дапамога Сэрбіі не павінна спрыяць падтрымцы рэжыму Мілошавіча і ягонай клікі. Пытаньне пра адбудову электрычнасьці і вадаправоду будзе яшчэ дыскутавацца ў сфэрах ААН.

Міністар замежных справаў Італіі Ламбэрта Дзіні прапанаваў, каб міжнародная супольнасьць пакрыла выдаткі на рэканструкцыю разбураных пры бамбаваньні мастоў праз Дунай - дзеля таго, каб аднавілася злучэньне паміж берагамі. ААН падтрымала такую прапанову.

На думку Расеі, ціск Сэрбіі на Косава можна было б аслабіць, калі б Вашынгтон пагадзіўся ўвесьці асобную валюту для югаслаўскай правінцыі. Ва ўсялякім разе, плянуецца зрабіць усё магчымае, каб міжнародная дапамога не патрапіла ў рукі Мілошавічу.

XS
SM
MD
LG