Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 ліпеня 1999 г.


Прыярытэт прыцягненьня магілеўскіх кадраў у падборы пэрсаналу для кіраваньня краінай застаецца. Як і асаблівая ўвага да рэгіёну, адкуль паходзіць прэзыдэнт Беларусі. У гэтым годзе на слыху горад Шклоў, і маштабы фінансаваньня ўражваюць.

Напачатку вясны мы ўжо распавядалі, як у міністэрстве сельскай гаспадаркі дзялілі калійныя ды азотныя ўгнаеньні. Тады ў агульным сьпісе, акрамя шасьці вобласьцяў, асобным радком адзначаны быў Шклоўскі раён. Які, дарэчы, адзін атрымаў угнаеньняў больш, чым усе астатнія раёны магілеўшчыны разам.

Ды што там адна вобласьць - добрыя дзядзькі з міністэрства вырашылі накіраваць у Шклоў гэтулькі ж вітамінаў урадлівасьці, колькі ў Гарадзенскую і Віцебскую вобласьці разам.

І вось новы падарунак: 29 чэрвеня ўрад прымае пастанову, згодна якой Шклоў атрымлівае субвэнцыю. Субвэнцыя - гэта тая ж датацыя, але пры ўмове, што грошы, якія перадаюцца, выкарыстоўваюцца толькі мэтанакіравана. Іх нельга перакінуць на іншыя аб'екты альбо іншыя справы. Памер субвэнцыі - 970 мільярдаў 270 мільёнаў беларускіх рублёў.

На якія мэты пойдуць гэтыя грошы? На фінансаваньне будаўніцтва і рэканструкцыі на радзіме Лукашэнкі шэрагу аб'ектаў. У пастанове ўсё распісана. 140 мільярдаў на гатэль, 100 мільярдаў на раённы дом культуры, 60 мільярдаў на рэстаран "Колас", 41 мільярд 800 мільёнаў на лазьню. Нават на рэканструкцыю раённай управы ўнутраных справаў (так яна праходзіць у пастанове) - 11 мільярдаў.

Цікава, што як і ў выпадку з угнаеньнямі, рашэньне аб выдзяленьні вялізарных па беларускіх памерах грошай абгрунтоўваецца правядзеньнем менавіта ў Шклове "Дажынак-99". Гэтае звычайнае мерапрыемства, якое праводзіцца штогод, гэтым разам атрымала наступны назоў: "рэспубліканскі фэстываль-кірмаш працаўнікоў вёскі".

Прычым ва ўрадавай пастанове справа, прадстаўленая такім чынам, што зь ініцыятывай дадатковых сродкаў выступаюць адразу тры міністэрствы: жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, эканомікі і фінансаў. І калі зацікаўленасьць міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня пры падзеле ўгнаеньняў яшчэ хоць нейкім чынам можна патлумачыць, дык ініцыятыву трох узгаданых раней міністэрстваў - ніяк не патлумачыш з пункту гледжаньня лёгікі.

Той жа міністар фінансаў Мікалай Корбут літаральна днямі скардзіўся на тое, што ў бюджэце краіны няма грошай на выплаты летнага адпачынку працоўных. І ён жа аддае ад трыльён на добраўпарадкаваньне Шклову.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG