Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 ліпеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Нягледзячы на аптымістычныя заявы з боку зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі аб магчымасьці аднаўленьня шырокага супрацоўніцтва з Эўразьвязам, выглядае, што пазыцыя эўрапэйскіх краінаў напярэдадні 20 ліпеня - стрыманая.

Пра гэта ўскосна сьведчаць некаторыя факты, якія прагучалі на брыфінгу ў міністэрстве замежных справаў.

Прэсавы сакратар Мікалай Барысевіч пачаў з падрабязнага аповяду пра сустрэчу міністраў замежных справаў краінаў Цэнтральна-Эўрапейскае ініцыятывы. Нагадайма, што гэтая сустрэча, прысьвечаная галоўным чынам сытуацыі ў Косаве ды праблемам стабільнасьці ў Эўропе, адбылася яшчэ на мінулым тыдні ў Карлавых Варах. Паводле словаў Барысевіча, у сваім выступе на сустрэчы міністар замежных справаў Латыпаў зрабіў акцэнт на тым, што, маўляў, ва ўмовах пашырэньня НАТА і Эўразьвязу асобная роля павінна належыць менавіта Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятыве, у разьвіцьці якой зацікаўленая Беларусь.

Цягам сустрэчы адбыліся перамовы Латыпава зь кіраўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў Харватыі і Славаччыны. Прэсавы сакратар паведаміў аб тым, што дасягнутая дамоўленасьць аб вызыце ў блізкім часе прэзыдэнта альбо прэм'ера Харватыі ў Менск. Што датычыць Славаччыны, пацьверджаны намер адчыніць восеньню ў Браціславе беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва.

Між тым, у пляне афіцыйных кантактаў паміж дзвюма краінамі ня ўсё ўпарадку. Нядаўна, напрыклад, сарваўся візыт у Беларусь славацкага міністра юстыцыі, у мінулым - вядомага дысыдэнта Чарнагурскага. Бакам ня ўдалося ўзгадніць праграму візыту, у часе якога планавалася, у прыватнасьці, наведаньне госьцем турмаў.

У мінулыя выхадныя Урал Латыпаў накіраваўся з Чэхіі ў Варшаву на форум з удзелам прэзыдэнтаў Польшчы, Літвы, украіны і Малдовы, а таксама палітычных дзеячаў рознага рангу. У сустрэчы, напрыклад, бралі ўдзел экс-прэзыдэнт ФРГ Вайцзэкэр, былы дзяржсакратар ЗША Кіссэнджэр, дэпутат расейскай думы Яўлінскі. Міністар Латыпаў, як вынікае з паведамленьня на брыфінгу, меў асабістую сустрэчу з дырэктарам палітычнага дэпартаманту Эўракамісіі Бурхардам. Паводле словаў Барысевіча, міністру Латыпаву было заяўлена пры сустрэчы пра тое, што пры ўмове ўзаемнасьці беларускага боку Эўразьвяз гатовы да паэтапнага зьбліжэньня зь Беларусьсю. Тым самым, фактычна, было пацьверджана, што гэтае збліжэньне залежыць, у першую чаргу, ад афіцыйнага Менску. А ўмовы збліжэньня выкладзеныя ў вядомай дэклярацыі кіраўніцтва Эўразьвязу наконт неабходнасьці вольных дэмакратычных выбараў у Беларусі.

Тэма ўзаемаадносінаў з Эўразьвязам закраналася і на сустрэчы намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Герасімовіча з намесьнікам дырэктара генэральнай дырэкцыі ў справе палітычных пытаньняў МЗС Італіі Мары. Гэтая сустрэча прайшла ў Менску ў аўторак. Паводле словаў прэсавага сакратара МЗС Беларусі, абмяркоўваліся, найперш, двубаковыя ўзаемаадносіны. У прыватнасьці, італія пацьвердзіла намер надалей прымаць у сябе чарнобыльскіх дзяцей дзеля аздараўленьня. Акрамя таго, паводле неафіцыйнай інфармацыі, італьянскага госьця цікавіла вырашэньне праблемы рэзыдэнцыі амбасадара, які таксама прысутнічаў на сустрэчы. Як вядома, праблемы ўзьніклі пасьля канфлікту вакол "Драздоў". Нядаўна амбасадары краінаў Эўразьвязу вярнуліся на ўмовах кампэнсацыі панесеных стратаў. Аднак пытаньне пакуль канчаткова ня вырашана.

А тым часам амбасада Чэхіі днямі афіцыйна зьмяніла сваю адрэсу у Менску і пераехала з Вайсковага завулку ў будынак у завулку Музычным. Прычынай пераезду, як і ў выпадку з "Драздамі", стала празьмерна блізкае суседства замежнага прадстаўніцтва з рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG