Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 01 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Заўтра ў Менску пройдзе 12 сэсія парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі. Галоўнай мэтай паседжаньня будзе абмеркаваньне праекту дамовы аб аб'яднаньні Беларусі і Расеі ў саюзную дзяржаву. Сёньня ў Доме ўраду на ініцыятыву парлямэнцкага сходу "саюзу" былі наладжаныя парлямэнцкія слуханьні.

Галоўныя палітычныя фігуранты з'явяцца ў Менску заўтра. А сёньня на слуханьнях абмеркаваньне праблемы ішло, фактычна, на экспэртным узроўні.

Памочнік прэзыдэнта Беларусі Міхаіл Сазонаў распавёў пра, як ён выказаўся, "інтрызе падрыхтоўкі аб'яднаўчай дамовы". Паводле ягоных словаў, беларускі бок настойваў на мадэлі з моцнымі наднацыянальнымі ворганамі, саюзнымі прэзыдэнтам і віцэ-прэзыдэнтам. Што, безумоўна, патрабуе зьменаў у Канстытуцыях. Але расейскі бок палічыў, што зараз праводзіць канстытуцыйную рэформу немэтазгодна. Таму, паводле сп.Сазонава, рабочая група распрацоўшчыкаў спынілася на кампрамісным варыянце. "Хаця канстытуцыйная рэформа на наш погляд неабходная, на дадзеным этапе яе ня будзе" - заявіў Сазонаў.

Не хавалі сваё расчараваньне і іншыя прадстаўнікі афіцыйнага Менску. Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валянцін Вялічка, камэнтуючы прадстаўлены для разгляду праект, заўважыў, што ў ім, фактычна, ідзе размова аб саюзе дзвюх дзяржаваў, а не аб саюзнай дзяржаве. На ягоную думку, прадугледжаная праектам працэдура прыняцьця рашэньняў у вышэйшым дзяржаўным савеце саюзу такая ж, як у міждзяржаўных утварэньнях.

Імпэт беларускіх інтэгратараў вельмі падабаліся расейскім "левым". Старшыня камісіі дзярждумы Расеі ў справах СНД Георгій Ціханаў заявіў, што адзінага расейскага падыходу да праблемы аб'яднаньня няма. Ёсьць падыход атачэньня Ельцына і падыход парлямэнтараў, якія падтрымліваюць беларускі варыянт . У перапынку я спытаўся сп.Ціханава, у чым жа расейскія думцы падтрымліваюць "беларускі варыянт"? Бо і сьпікер Селязьнёў выступаў супраць саюзнага прэзыдэнцтва, і нават у праекце, падрыхтаваным у камісіі думы і "палаты прадстаўнікоў" пасады саюзнага кіраўніка таксама няма. Спадар Ціханаў сказаў, што сапраўды, "левыя" супраць прэзыдэнцтва, а ў беларускай пазыцыі ім блізкае імкненьне да адзінай дзяржавы.

Пад час слуханьняў абмяркоўвалася пытаньне аб магчымасьці правядзеньня рэфэрэндуму аб аб'яднаньні. Тут важную тэхнічную заўвагу зрабіў прадстаўнік расейскага Цэнтарвыбаркаму Уладзімер Лысенка. Ён нагадаў, што расейскае заканадаўства забараняе спалучаць рэфэрэндумы зь якімі бы то ні было выбарамі. Таму, калі наладжваць рэфэрэндум аб аб'яднаньні да выбараў расейскага прэзыдэнта, то,фактычна, адзіны магчымы тэрмін - сакавік 2000 года.

Для падрыхтоўкі рэфэрэндума ў Расеі патрэбна шмат часу, там ініцыятарам рэфэрэндуму могуць быць толькі два мільёны выбаршчыкаў.

А кіраўнік цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, наадварот, заявіла, што ейнае ведамства гатовае правесьці рэфэрэндум у любы момант.

Істотна адрозную ад іншых думку выказаў прадстаўнік фракцыі "Яблык" Уладзімер Аверчаў. У інтэрвью радыё "Свабода" ён сказаў, што прапанаваны праект супярэчыць Канстытуцыі Расеі. Ён зьвярнуў увагу на тое, што дакумэнт прадугледжвае, што ў выключнай кампэтэнцыі саюзнай дзяржавы будуць знаходзіцца абарона і асноўныя сродкі правядзеньня эканамічнай палітыкі. "Дык што ж застанецца Расеі? " - задаў рытарычнае пытаньне дэпутат. Ён таксама лічыць, што пабудова кіраваньня саюзам уяўляе адыход ад дэмакратычных прынцыпаў падзелу ўладаў, які існуе ў Расеі. У адпаведнасьці з праектам, у вышэйшы дзяржаўны савет будуць уваходзіць прадстаўнікі і выканаўчай, і заканадаўчай улады. І гэтая структура можа прымаць любыя рашэньні. Дэпутат ад фракцыі "Яблык" Аверчаў заявіў, што калі гэтая дамова будзе падпісаная і пададзеная на ратыфікацыю, "Яблык" адмовіцца нават абмяркоўваць яе як дакумэнт, які супярэчыць Канстытуцыі.

XS
SM
MD
LG