Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 чэрвеня 1999 г.


Аляксандар Сярдзюкоў, Магілеў

Напярэдадні 3 ліпеня ўправа інфармацыі Магілеўскага аблвыканкаму распаўсюдзіла сярод арганізацыяў і гаспадарак горада даведачна-інфармацыйны матэрыял, у якім ухваляе цяперашні беларускі лад жыцьця.

Супрацоўнікі аблвыканкаму спрабуюць абгрунтаваць дзяржаўны акт аб пераносе Дня незалежнасьці з 27 ліпеня на 3 ліпеня.

У матэрыялах канстатуецца, што для жыхароў Беларусі, асабліва для тых, хто зазнаў "радасьць вялікай перамогі", дзень 3 ліпеня "стаў сапраўдным сімвалам вызваленьня роднай краіны ад захопнікаў, сімвалам сапраўднай незалежнасьці". І надалей: "зразумела, ёсьць гістарычныя справядлівасьць і заканамернасьць у тым, што дзень, у адпаведанасьці з воляй народа, якая выказаная на рэспубліканскім рэфэрэндуме 1996 г. абвешчаны Днём незалежнасьці".

Што адметна - з 14 старонак матэрыялу дзьве апісваюць гісторыю Беларусі да 1918 году, а іншыя - гістрыю камуністычнай партыі і першага беларускага прэзыдэнта. У ходзе выкладаньня гістарычных фактаў аўтары матэрыялу, спасылаючыся на сусьветную практыку, робяць выснову, што сёньня быць абсалютна незалежным нельга, што паняцьце "сувэрэнітэт" нельга ўсьведамляць у нязьменным выглядзе.

Аўтары сьцьвярджаюць, што без сумесных намаганьняў усіх краінаў Беларусь ня здолела б пераадолець пасьляваенную эканамічную разруху, і лінію на паглыбленьне інтэграцыйных працэсаў прэзыдэнт Беларусі працягвае і ў нашы дні.

У матэрыяле канстатуецца, што "прыярытэтным накірункам для нас было і застаецца пашырэньне двубаковых узаемаадносінаў з Расеяй". Разам з тым прадстаўнікі інфармацыйных групаў аблвыканкаму заяўляюць, што паказчыкі беларускай эканомікі абумоўленыя наступствамі фінансава-эканамічнага крызісу ў Расеі.

Прапагандысты прапануюць сваім калегам з арганізацыяў і гаспадарак горада казаць пра дасягненьні нашай эканомікі, рост аб'ёму прамысловай вытворчасьці і выпуску спажывецкіх тавараў, павелічэньне інвестыцыяў за чатыры месяцы 1999 г. "наша краіна - адзіная з краінаў СНД, дзе без затрымак выплочваюцца зарплаты" - канстатуецца ў матэрыяле.

Аднак, калі пагартаць справаздачу Магілеўскага абласнога ўпраўленьня статыстыкі, то эканамічная карціна не выглядае гэтак аптымістычна. Аб'ём прамысловай вытворчасьці сапраўды павялічыўся, але ў той жа час спад дапушчаны ў 6 з 13 галінах прамысловасьці. Сёлета за пяць месяцаў інвестыцыі зьменьшыліся на 2 адсоткі. Запазычанасьць па зарплаце працаўнікоў Магілеўшчыны складае каля аднаго трыльёну 200 мільярдаў рублёў. Казаць пра шанец стаць на адзін узровень з разьвітымі краінамі няма ніякай магчымасьці.

Тым ня менш, напярэдадні 3 ліпеня прапагандысты выказваюць упэўненасьць, што з дапамогай славянскага адзінства Беларусь абароніць сваё права жыць у вольнай незалежнай дзяржаве.

Як стала вядома з кампэтэнтных крыніцаў у ворганах улады, інфармацыйна-прапагандысцкія матэрыялы рэкамэндуецца абавязкова вывучаць у кожным буйным калектыве горада напярэдадні 3 ліпеня.

XS
SM
MD
LG